Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Актывісты арганізацыйнага камітэту Ўсебеларускага зьезду распачалі працу ў справе вылучэньня дэлегатаў. Тым часам прадстаўнікі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў лічаць правядзеньне гэтага зьезду летам абсалютна нямэтазгодным.

У розных рэгіёнах Беларусі ўжо адбыліся сходы ў вылучэньні дэлегатаў на зьезд. Найбольш актыўна йдзе праца на Віцебшчыне. Грамадзкія арганізацыі гэтага рэгіёну выступілі з прапановаю стварыць гарадзкія і раённыя камітэты ды ініцыятыўныя групы ў падрыхтоўцы да зьезду. Яны таксама прапанавалі перанесьці дату зьезду з 17 чэрвеня на 27 ліпеня – дзень 10-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Аднак канчатковае рашэньне наконт даты будзе прынятае на паседжаньні аргкамітэту, якое пройдзе ў канцы траўня ці на пачатку чэрвеня.

Усяго на сёньняшні дзень на сходах грамадзянаў вылучаны на Ўсебеларускі зьезд 73 дэлегаты.

Тым часам прадстаўнікі асноўных апазыцыйных сілаў даволі скэптычна ставяцца да ідэі правядзеньня Ўсебеларускага зьезду летам. Як паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык, аб’яднаная апазыцыя падтрымлівае ідэю як правядзеньня зьезду, гэтак і вылучэньня на яго дэлегатаў. Але супраць арганізацыі гэтае дзеі ў бліжэйшыя летнія месяцы.

На думку спадара Сіўчыка, такая пасьпешлівасьць здольная толькі скампрамэтаваць ідэю. Намесьнік старшыні Партыі БНФ гаворыць, што ў такія кароткія тэрміны проста немагчыма правесьці якасную працу ў вылучэньні дэлегатаў. “А як жа можа не зусім прадстаўнічы зьезд прымаць такі важны дакумэнт, як Акт незалежнасьці Беларусі?”, – задае пытаньне Вячаслаў Сіўчык. Таму днямі Сойм Партыі БНФ прапанаваў сакратарыяту Ўсебеларускага зьезду правесьці ў чэрвені толькі пашыранае паседжаньне аргкамітэту, а саму акцыю перанесьці на восень.

З такой прапановаю не пагаджаецца кіраўнік рабочае групы аргкамітэту зьезду Аляксандар Старыкевіч. Вось ягонае меркаваньне:

(Старыкевіч: ) “Што тычыцца магчымых тэрмінаў правядзеньня зьезду, то я ўпэўнены, што ён адбудзецца летам. Прапановы палітычных партыяў мы ўлічваем, аднак яны – толькі адзін з суб’ектаў, якія будуць браць удзел у зьезьдзе. Іншыя наадварот патрабуюць, каб зьезд адбыўся як мага хутчэй. Тым больш, што сытуцыя, калі інтэграцыйныя працэсы набіраюць хаду і, магчыма, ужо ў бліжэйшы час будзе падпісанае пагадненьне пра адзіны эмісійны цэнтар, якое фактычна паставіць крыж на эканамічным сувэрэнітэце Беларусі, дык неабходна гэта рабіць як мага хутчэй”,

– лічыць спадар Старыкевіч.

Ён таксама мяркуе, што прапанова перанесьці зьезд на восень ня ёсьць пазыцыяй усяе дэмакратычнай апазыцыі, а толькі некаторых сталічных партыйных функцыянэраў.

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ маюць іншы погляд на гэтую праблему. Гаворыць намесьнік старшыні гэтае партыі Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Было б дзіўна, каб мы не падтрымалі ідэю, якая паставіла сваёй задачай абарону незалежнасьці Беларусі. І натуральна, калі такая ідэя ўзьнікла, то мы падтрымалі гэтую ініцыятыву. Але ж ведаючы шумны вопыт – ініцыятывы часта як бы загаворваюцца, адбываецца прафанацыя гэтых добрых ідэяў – мы выказалі свае перасьцярогі, каб, як кажуць, другасныя пытаньні не закрылі сабой асноўнае, адзінае пытаньне, якое сёньньня самае важнае, самае істотнае – гэта абарона незалежнасьці. Таму ў такім рэчышчы мы выказаліся”,

– паведаміў спадар Беленькі.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ таксама лічыць, што зьезд трэба праводзіць хутка й дынамічна, бо пагроза незалежнасьці Беларусі й надалей застаецца рэальнай. Але разам з тым, спадар Беленькі выступае за тое, каб зьезд быў добра падрыхтаваны.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG