Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 17 траўня)
Кангрэсмэн Сэм Гейдэнсан, ініцыятар рэзалюцыі Кангрэсу ЗША ў справах Беларусі, даў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода. Падаем яго поўную вэрсію.

(Лукашук: ) “Сп. Гейдэнсан, у Вашынгтоне яшчэ раніца, але, наколькі я ведаю, Вы ўжо пазнаёміліся з прынятай пару гадзінаў таму афіцыйнай рэзалюцыяй беларускай “палаты прадстаўнікоў” ў адказ на пастанову Кангрэсу ЗША. Апроч іншага, Злучаныя Штаты былі абвінавачаныя ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя праблемы Беларусі. Што Вы думаеце наконт гэтага закіду?”

(Гейдэнсан: ) “Я лічу, што любы грамадзянін мае абавязак выступаць кожнага разу, калі бачыць несправядлівасьць – няважна, у Беларусі ці дзе яшчэ ў сьвеце. Амэрыканскія кангрэсмэны, грамадзяне Амэрыкі, заўсёды выступалі за свабоду, за правы чалавека і за дэмакратычныя інстытуты. Гэта цалкам адпавядае прыродзе амэрыканскага Кангрэсу.

Апроч таго, відавочна, што ў Беларусі ў заняпадзе дэмакратычны працэс, эканоміка ў заняпадзе. І ня проста ЗША і адзін кангрэсмэн – літаральна ўсе сябры Кангрэсу падтрымалі рэзалюцыю. Зь ёй пагадзіліся эўрапейскія ўрады. У Беларусі зьніклі людзі, закрываюць газэты, прыватныя дабрачынныя арганізацыі – так сябе дэмакратычнае грамадзтва не паводзіць. Факты гавораць за сябя, і я ня думаю, што спроба беларускага боку нешта абвергнуць можа каго-небудзь падмануць”.

(Лукашук: ) “Учора Вы ў Вашынгтоне правялі паседжаньне “круглага стала” у справе Беларусі, у якім, наколькі я ведаю, узялі удзел больш за сорак палітыкаў, урадоўцаў, актывістаў няўрадавых арганізацыяў. Раскажыце, калі ласка, пра акалічнасьці гэтага абмеркаваньня”.

(Гейдэнсан: ) “Шчыра кажучы, я быў моцна ўражаны такім шырокім удзелам. Вашынгтон вельмі заняты горад, перад усімі шмат праблемаў, якія тычацца ўсяго зямнога шару. У нас былі прадстаўнікі ўсіх структураў амэрыканскага ўраду, сьпікэр Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу, прадстаўнікі арганізацыяў, якія працуюць дзеля разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных інстытутаў і спрабуюць дапамагчы Беларусі вярнуцца ў сям’ю народаў, якія паважаюць правы чалавека ды індывідуальную свабоду”.

(Лукашук: ) “Расейска-беларуская інтэграцыя таксама была адной з тэмаў учорашняга “круглага стала” ў Вашынгтоне. У Менску ўчора, выступаючы перад студэнтамі Белдзяржунівэрсытэту, амбасадар ЗША Дэніэл Спэкгард сказаў, што галоўныя праблемы Беларусі палягаюць у самой краіне, а не па-за ейнымі межамі, і схарактарызаваў тую частку рэзалюцыі Кангрэсу, дзе вядзецца пра ролю Расеі ў беларускіх праблемах, як “правакацыйную”. Сп. Гэйдэнсан, як Вы можаце пракамэнтаваць ацэнку амбасадара Спэкгарда?”

(Гейдэнсан: ) “Я напэўна пагаджаюся з амбасадарам і таксама лічу, што фундамэнтальныя праблемы Беларусі маюць беларускае паходжаньне, гэта нутраныя праблемы, ня вонкавыя. Рэзалюцыя мела на мэце засьцерагчы расейцаў ад падтрымкі рэжыму сп. Лукашэнкі. Відавочна, у былым Савецкім Саюзе існуе вялікая патрэба ў разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў. Мы не хацелі правакаваць Расею, нашай мэтай было дамагчыся, каб Расея дзейнічала разам зь іншымі дэмакратычнымі дзяржавамі. Сёньня Расея відавочна нашмат больш дэмакратычная дзяржава, чымся ў мінулым, нашмат больш дэмакратычная, чым сытуацыя ў Беларусі. Ніхто ня выступіў з такім асуджэньнем расейскіх выбараў, як з асуджэньнем лукашэнкавых. Ніхто не асуджае расейскі дэмакратычны працэс – ён не дасканалы, у сьвеце ўвогуле няма дасканалага працэсу, у тым ліку ў ЗША. Але на фоне ўсіх выбараў у сьвеце, сытуацыя ў Беларусі сапраўды ўнікальная, шмат у якіх дачыненьнях найменш легітымная”.

(Лукашук: ) “Прэзыдэнт Біл Клінтан сустракаецца з прэзыдэнтам Владзімірам Пуціным у ліпені. Рэзалюцыя Кангрэсу патрабуе ад адміністрацыі ЗША ўзьдзейнічаць на Расею дзеля вырашэньня беларускага палітычнага крызісу. Ці будзе Клінтан, на Вашую думку, гаварыць з Пуціным пра Беларусь?”

(Гейдэнсан: ) “Я думаю, існуе агульны кансэнсус адносна таго, што прэзыдэнту Клінтану належыць разам з Пуціным зрабіць сумеснае намаганьне, каб аднавіць дэмакратычныя рэформы ў Беларусі. Народ Беларусі вельмі моцна пацярпеў пад час 2-й Усясьветнай вайны і за савецкім кіраваньнем і цяпер мае права на стварэньне свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва, якое будзе гарантаваць дабрабыт. Але мы бачым, што сп. Лукашэнка спрабуе падарваць дэмакратычны працэс, запалохвае прэсу, закрывае арганізацыі, якія спрабуюць дапамагчы людзям палепшыць іх жыцьцё”.

(Лукашук: ) “Ці плянуеце Вы суправаджаць прэзыдэнта Клінтана ў ягоным візыце ў Расею?”

(Гейдэнсан: ) “Я пакуль ня склаў свой расклад, але незалежна ад таго, хто будзе суправаджаць прэзыдэнта ў гэтай паездцы, мы будзем працягваць ціск, каб у Беларусі адбыліся свабодныя і справядлівыя выбары, каб разьвівалася грамадзянская супольнасьць, каб дабрабыт звычайнага беларуса палепшыўся.

Інтэрвію вёў

Аляксандар Лукашук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG