Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У 6-м клінічным шпіталі Менску памёр ад ранаў пасажыр аўтамабіля “Форд”, узарванага 15 траўня на праспэкце Машэрава ў Менску. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што раней ад яго ўдалося атрымаць важныя для далейшага расьледваньня гэтае справы зьвесткі.

Працягваецца расьледваньне выбуху аўтамабіля, што грымнуў ураніцу 15 траўня побач з праспэктам Машэрава ў Менску. Нагадаю, ў аўтамабілі “Форд-скорпіо” знаходзіліся два чалавекі, адзін зь якіх, 30-гадовы Віталь Драгуноў, загінуў адразу, а другі, 23-гадовы Аляксандар Шушкевіч, быў цяжка паранены.

Аляксандра Шушкевіча, якому выбухам адарвала руку, параніла нагу й жывот, быў праапэраваны ў 6-м клінічным шпіталі Менску, але гэта не дапамагло. Сёньня ўраніцу ён памёр.

Ці азначае гэтая сьмерць, што таямніца выбуху раскрытая ня будзе? Сьледчыя гэтак ня думаюць.

Паводле словаў сьледчых з гарадзкой пракуратуры, якая вядзе расьледваньне, ад Аляксандра Шушкевіча ўдалося атрымаць зьвесткі, якія аказаліся вельмі карыснымі. У прыватнасьці, было атрыманае пацьверджаньне, што выбуховае прыстасаваньне й зброя, якую знайшлі у аўтамабілі, належалі пацярпелым.

“Такім чынам, асноўнай вэрсіяй выбуху застаецца неасьцярожнае абыходжаньне зь нейкай бомбаю”, – паведаміў мне сьледчы Віктар Фашчэнка, які вядзе гэтую справу. Паводле ягоных словаў, зараз праводзіцца шэраг экспэртызаў, якія дапамогуць шмат што высьветліць адносна выбуху. А потым ужо можна ставіць іншыя пытаньні, у тым ліку – супраць каго рыхтавалася гэтая бомба насамрэч, і ўвогуле, чым займаліся яе ўладальнікі.

Спадар Фашчэнка сказаў, што пакуль у інтарэсах сьледзтва аніякіх зьвестак на гэтую тэму ён даць ня можа. Сьледчы толькі пацьвердзіў, што Аляксандар Шушкевіч, які памёр сёньня ў шпіталі, раней быў асуджаны, і таму пра ягоныя сувязі з крымінальным сьветам можна казаць зь вялікай упэўненасьцю.

Зьвестак пра тое, якога паходжаньня зброя, знойдзеная ва ўзарваным аўтамабілі – гэта пісталет “Іж” з глушыльнікам і кароткарульны аўтамат Калашнікава – з пракуратуры Менску не паведамляюць. Кажуць, што пакуль спраўджваецца, ці выкарыстоўвалася гэтая зброя пры ўчыненьні злачынстваў на тэрыторыі краіны. Не выключаецца, што спраўджаньне будзе праведзена й з выкарыстаньнем дадзеных расейскае міліцыі, бо расейскае паходжаньньне знойдзенае зброі ўяўляецца зусім верагодным.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG