Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“За сталыя заклікі да тэрарызму і зрынаньня законна абранай ўлады” ўрад Сэрбіі ўноч на сераду пастанавіў перадаць бялграцкую муніцыпальную тэлевізійную кампанію “Студыя Б” у дзяржаўную ўласнасьць. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам кіраўнік кампаніі Драган Каярдзінавіч. Да гэтага часу “Студыя Б” належала апазыцыі ў асобе “Сэрбскага руху аднаўленьня”, якім кіруе Вук Дражкавіч. Дзеля выкананьня пастановы ўраду ў будынак тэлекампаніі былі накіраваныя больш за сотню паліцыянтаў у цывільным.

Паводле Драгана Каярдзінавіча, які засьцерагаецца ад магчымага арышту і таму на месца сваёй працы не зьяўляецца, сёньня ноччу апранутыя ў цывільнае паліцыянты зламалі дзьверы і ўварваліся ў будынак. Яны паказалі супрацоўнікам тэлекампаніі ўрадавую пастанову пра пераход “Студыя Б” ва ўласнасьць дзяржавы. Пад дакумэнтам стаялі подпісы віцэ-прэм’ераў Ваіслава Шэшаля з Сэрбскай радыкальнай партыі і Мілана Боіча з руху “Югаслаўскія левыя”.

Гаворыць Драган Каярдзінавіч:

(Каярдзінавіч: ) “Гэта рабаўніцтва на дзяржаўным узроўні, без якіх бы там ні было законных падставаў. Яму няма апраўданьня. Яны ўварваліся у “Студыю Б”, захапілі ўсю нашую маёмасьць. Яны – гэта некалькі сотняў паліцыянтаў і супрацоўнікаў дзяржаўнай бясьпекі ў цывільным. Потым падыйшлі яшчэ некалькі перапоўненых аўтобусаў з паліцыянтамі. Яны ўвайшлі ў будынак, уварваліся ў нашыя офісы і фактычна захапілі “Студыю Б”.

Гэта быў галоўны рэдактар “Студыі Б” Драган Каярдзінавіч, які заявіў, што тэлекампанія не заклікала зрынуць уладу, а толькі аб’ектыўна асьвятляла падзеі на палітычнай сцэне краіны. Гаворка ідзе пра мітынгі апазыцыі ў Бялградзе 13 і 15 траўня, у часе якіх адзін з апазыцыйных лідэраў Вук Драшкавіч заклікаў суайчыньнікаў “да ўсеагульнага непадпарадкаваньня рэжыму”. У адказ на заклік прысутныя скандавалі: “Паўстаньне! Паўстаньне!”

Напярэдадні міністар тэлекамунікацыяў Югаславіі Іван Маркавіч у безпрэцэдэнтна жорсткіх выразах абвінаваціў Драшкавіча ў замаху на канстытуцыйны лад і заклікаў генэральнага пракурора краіны ўжыць да лідэра апазыцыі “законныя захады”.

Але вернемся да “Студыі Б”. Драган Каярдзінавіч працягвае:

(Каярдзінавіч: ) “А другой гадзіне ночы яны ўварваліся ў будынак “Студыі Б” у Бялграцкім Палацы па вуліцы Масарыкава 5, а цяпер яны ўвайшлі ў нашыя офісы ў месьце Младэнавац. Яны атачаюць і захопліваюць нашыя перадатчыкі ў гарах. Іхная мэта – цалкам спыніць усе праграмы “Студыі Б”. Апрача гэтага, яны нэўтралізавалі радыёстанцыю Б2-92, захапілі “Індэкс-радыё” і цяпер не дазваляюць нашым калегам з газэты “Блік”, якія таксама працуюць у Бялграцкім Палацы”, уваходзіць у іхныя офісы”.

Б2-92 – самае папулярнае радыё ў Югаславіі. Мяркуецца, што яно было зачыненае таму, што знаходзіцца ў адным будынку са “Студыяй Б”. Аднак гэты факт не перашкодзіў генэральнаму дырэктару Б2-92 Вэрану Мацічу выказацца шчыра і адкрыта:

(Маціч: ) “Гэта – поўная забарона элемэнтарнай свабоды слова ў сёньняшняй Сэрбіі. Зачыненыя сродкі масавай інфармацыі былі, урэшце, сэрцам сэрбскай інфармацыйнай сфэры. Сродкі масавай інфармацыі Сэрбіі будуць і надалей стала зьнішчацца, калі мы ня вернемся да тых спосабаў дзейнасьці, якія ўжывалі раней”.

Гэта быў Вэран Маціч, які, паводле апошняй інфармацыі, характарызуе наяўную сытуацыю як вельмі неспакойную, якая можа перарасьці ў сутычкі. Паведамляецца таксама, што цяпер у Бялградзе ідзе сустрэча лідэраў апазыцыі, якія вырашаюць пытаньне пра арганізацыю масавага мітынгу пратэсту.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG