Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Шматпакутная радыёчастата 101,2 FM, адабраная ўладамі тры гады таму ў незалежнай радыёстанцыі “101,2”, зноў мяняе фармат вяшчаньня. Пачынаючы з гэтага тыдня, на гэтай хвалі гучыць толькі музыка.

Тры гады на частаце 101,2 вяшчае афіцыйны ворган “Беларускага Патрыятычнага саюзу моладзі” й Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі – радыё “Стыль”. І ўвесь гэты час ягоная дзейнасьць суправаджаецца шматлікімі скандаламі.

Сёлета ў сакавіку заснавальнікі чарговы раз правялі кадравыя перастаноўкі. Дырэктар станцыі Сяргей Шпілеўскі быў пераведзены ў мастацкія кіраўнікі.

На вакантную пасаду прэтэндавалі праграмны дырэктар радыё “Бі-Эй” Уладзімер Грыб і дырэктар фірмы “Рэкард-сэрвіс” Аляксандар Казлоў. Нягледзячы на тое, што Грыб нават звольніўся з ранейшае пасады, дырэктарам прызначылі далёкага ад радыё Казлова. Стаўка была, напэўна, на тое, што толькі чалавек бізнэсу здолее накіраваць сюды грашовыя плыні.

Але Казлоў таксама пачаў з рэвалюцыяў. Канчаткова быў звольнены былы дырэктар Шпілеўскі ды ягоная заступніца Натальля Шакура. Наступным крокам быў намер разабрацца з малагадовымі ды-джэямі. Паводле Казлоўскага, векавая планка слухачоў мусіла была падскочыць ад 18 да 35 гадоў. Дыяпазон “Стылю” мусіў быў стаць галоўнай офіснай кнопкаю бізнэсмэнаў.

Але сымбіёз “Альфа-радыё” і “Радыё Рокс” не атрымаўся: нечакана для ўсіх Казлоў звольніўся на ўласнае жаданьне. Ягонае месца заняў няўдачнік першага дырэктарскага конкурсу Ўладзімер Грыб, які паабяцаў амаль 10-разовае падвышэньне заробкаў супрацоўнікам.

Але, пачынаючы з гэтага тыдня, вядучыя з эфіру “Стылю” зьніклі навогул. Музычныя нумары гучаць у рэжыме “нон-стоп”.

Варта нагадаць, што першапачаткова на хвалях 101,2 працавала аднайменнае беларускае радыё. Напрыканцы жніўня 96-га году Міністэрства сувязі без папярэджаньня спыніла дзейнасьць “Радыё 101,2”. У якасьці аргумэнту было сказана, што эксплюатацыя перадатчыка перашкаджае ўрадавае сувязі.

Сапраўдны падтэкст расправы высьветліўся пад час выступу Аляксандра Лукашэнкі на форуме БПСМ’у. Тады ён сказаў літаральна наступнае: “Ані “101,2”, ані іншым праводзіць антыдзяржаўную палітыку за дзяржаўныя грошы дазволена ня будзе”. Тая акалічнасьць, што радыё існавала за кошт гранту фонду Сораса, пад увагу не бралося.

У хуткім часе на гэтай частаце пачало вяшчаць радыё “Стыль”. Радыйны ворган БПСМ’у й Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі ўрадавае сувязі чамусьці больш не перашкаджаў. Магчыма, таму, што куратарам новае станцыі стаў віцэ-прэм’ер Замяталін.

Але праект аказаўся сырым: арыентацыя на падлеткаў толькі адбівала імпэт патэнцыйных слухачоў. Адпаведным чынам павялі сябе й ды-джэі: радыйнай нормаю сталі непрыстойныя жарты. Прывабіць падобнымі манэрамі рэклямадаўцаў немагчыма.

Хутка й рэйтынг, і якасьць вяшчаньня рэзка ўпалі. Заробкі вядучых зьнізіліся да $30-40. Апошні год на “стыльных” хвалях панаваў развал. Зьніклі аўтарскія праграмы. Ды-джэі блыталіся ва ўласных каламбурах. Дастаткова было зламацца друкарцы – і навіны ў эфір не выходзілі тыднямі. З-за неакрэсьленага фармату пачаўся зыход кадраў.

Што тычыцца цяперашніх гаспадароў радыё з БПСМ’у й Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі, дык яны на гэты конт захоўваюць упартае маўчаньне.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG