Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Рэжым надзвычайнага становішча дзейнічае зараз у Асіповіцкім і Глускім раёнах Магілеўскае вобласьці. Паводле дадзеных абласное ўправы міністэрства надзвычайных сытуацыяў, прыблізна на Глусчыне гарыць каля 20 гектараў тарфянікаў і 70 гектараў лесу. Удалося прадухіліць пажары яшчэ на 1000 гектараў.

Крытычная сытуацыя склалася ля вёскі Амур, дзе лес ужо гарэў у 100 мэтрах ад нафтавай сьвідравіны, прычым побач з нафтавышкай захоўвалася больш за сто тонаў бензіну. Усё гэта магло выбухнуць у кожны момант, але катастрофы патрапілі пазьбегнуць. Пажарныя абкопвалі ачагі полымя і такімі чынам не давалі пажарам распаўсюджвацца.

Мяркуецца, што першы пажар у Глускім раёне магчыма ўзьнік па віне рыбакоў, якія былі на тутэйшых меліярацыйных каналах. Дарэчы, мясцовае кіраўніцтва, захоўваючы, відаць, гонар мундура, ня вельмі сьпяшаецца прызнаваць, колькі лясоў гарыць на іх тэрыторыях і якія на тое былі прычыны.

Яшчэ больш складаная сытуацыя сёньня – у Асіповіцкім раёне, дзе гараць чатыры тарфянікі плошчай больш за 20 гектараў. Спэцыялісты мяркуюць, што з усім гэтым разьбяруцца на працягу некалькіх дзён, а далей захады па абмежаваньні наведваньня зонаў адпачынку, дадуць плён.

За апошні тыдзень пажарныя больш за 40 разоў выяжджалі на пажары ў лясох.

А вось наступствы ўрагану 12-13 траўня яшчэ толькі падлічваюцца. У Магілеўскай вобласьці пашкоджаныя 101 жылы дом, 44 вытворчыя памяшканьні, 65 сельскагаспадарчых, на 120 участках былі пашкоджаныя лініі электраперадачаў.

Больш за ўсіх пацярпеў Касьцюковіцкі раён, дзе на 2400 гектарах зьнесены ўрадлівы слой глебы разам з насеньнем у ім.

Апошнія двое сутак падразьдзяленьні Магілеўскай абласной управы надзвычайных сытуацыяў працавалі ў рэжыме аўралу. Ягонае кіраўніцтва лічыць сваім гонарам, што нават і са шквалістым ветрам удался прыпыніць масавыя пажары і ня даць агню перакінуцца на населеныя пункты.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

XS
SM
MD
LG