Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Як адрэагавала палітычная апазыцыя на ўчорашнія паведамленьні пра гатоўнасьць Аляксандра Лукашэнкі асабіста сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзка-палітычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у гэтак званым “дыялёгу”?

Інфармацыю пра жаданьне Лукашэнкі сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзка-палітычных сілаў, што ўдзельнічаюць у гэтак званым “дыялёгу”, распаўсюдзіла старшыня Цэнтральнае выбарчае камiсii Лiдзiя Ярмошына пасьля асабістае размовы зь ім.

Паводле ейных словаў, такая сустрэча павінна адбыцца дзесьці напрыканцы траўня. Мэта — выпрацаваць агульны падыход у адносiнах да Выбарчага кодэксу. Зьмены й дапаўненьнi ў яго аформяцца ў заканапраект, якi да пачатку выбарчае кампанii павiнен разгледзець “Нацыянальны сход”.

Цікавымі выглядаюць і словы памочніка Лукашэнкі Сяргея Посахава, які лічыць, што ўсе папраўкі, выпрацаваныя ў межах гэтак званага “дыялёгу”, могуць быць ухваленыя.

Ці могуць такія захады ўладаў прынцыпова паўплываць на дзеяньні апазыцыйных палітычных партыяў? Гэтае пытаньне я адрасаваў Анатолю Лябедзьку, паколькі менавіта ён, з агульнае згоды, выкладаў стаўленьне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў на нядаўняй сустрэчы ўладаў і апазыцыі ў прысутнасьці “тройкі” АБСЭ.

Спадар Лябедзька лічыць: казаць пра тое, што ўчорашнія заявы могуць сур’ёзна паўплываць на зьмену стратэгіі апазыцыі, нельга. І вось чаму.

(Лябедзька: ) “На сёньняшні дзень нас больш цікавіць пытаньне магчымасьці вяртаньня да фармату перамоўнага працэсу, які быў выпрацаваны ўвосень мінулага году пры пасярэдніцтве місіі АБСЭ. На наступным тыдні, магчыма, адбудзецца пачатак таго працэсу, які мы называем перамоўным, а ўлада называе дыялёгам. Думаю, па гэтай канкрэтнай працы мы і будзем рабіць нейкія высновы, таму што ў значнай ступені, дыялёг – гэта ўсё ж-такі сцэнар Лукашэнкі, і мае прапагандысцкі характар. Прапановы, зробленыя для ўдасканаленьня сытуацыі, яны будуць у любым выпадку зробленыя – будзе там прымаць удзел Лукашэнка, ня будзе – для нас, як кажуць, гэта пазыцыя ўчарашняга дня. Мы павінны працаваць у межах тых чатырох умоваў, якія былі прыведзеныя прадстаўнікамі “тройкі”, і толькі ў такім фармаце можа быць прынятае рашэньне аб удзеле ці няўдзеле магчымых выбарах”.

Гэта быў адзін зь лідэраў Касультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў Анатоль Лябедзька.

Ці можна сьцьвярджаць, што ўчорашнія выказваньні толькі пацьвярджаюць стратэгію беларускіх уладаў, сутнасьць якой у тым, каб адкупіцца ад міжнароднае супольнасьці касмэтычнымі зьменамі Выбарчага кодэксу? Або, наадварот, зьмены (пры ўмове, што ўсе яны будуць прынятыя) кардынальна зьменяць сутнасьць закону, паводле якога будуць праходзіць выбары ў парлямэнт? Гэтае пытаньне адрасуецца Міхалу Пліску – кіраўніку групы экспэртаў у выбарчым заканадаўстве пры Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў.

(Пліска: ) “Калі “Палата Прадстаўнікоў” прыме тыя папраўкі, якія былі ўхваленыя экспэртнай групай дыялёгу па ўдакладненьні выбарчага кодэксу, то яны могуць палепшыць зьмест выбарчага кодэксу. Там, напрыклад, ёсьць такія неблагія рэчы, як канкрэтызацыя правоў грамадзкіх назіральнікаў пры падліку выбарчых бюлетэняў. Там сказана, што грамадзкі назіральнік можа знаходзіцца побач са сталом, і што выбарчая камісія працуе на адлегласьці, якая дае яму права бачыць зьмест самога выбарчага бюлетэня. Галоўнае, што кепска ў гэтым кодэксе – гэта тое, што выканаўчая ўлада мае перавагу над іншымі суб’ектамі выбарчага марафону, яна, фактычна, можа кантраляваць хаду выбараў”.

Гэта быў Міхал Пліска – кіраўнік экспэртавае групы ў пытаньнях заканадаўства Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Такім чынам, як лічаць экспэрты, нават у самым лепшым выпадку Выбарчы кодэкс ня будзе адпавядаць міжнародным стандартам.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG