Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


13 траўня, калі афіцыйныя ўлады Берасьця на галоўнай плошчы гораду ладзілі мерапрыемствы з нагоды так званага сьвята дзяржаўнага сьцягу і гербу, у вядомай усім крэпасьці луналі бел-чорвона-белыя сьцягі. Сьведкамі гэтай падзеі былі многія берасьцейцы і госьці гораду, што наведалі ўчора крэпасьць.

Мясцовыя прыхільнікі нацыянальнага адраджэньня ўжо не ўпершыню за апошнія гады спрабуюць прыцягнуць увагу грамадзкасьці да ганебных вынікаў травеньскага рэфэрэндуму 95 году. Дзяля гэтага ў Берасьці адбываюцца акцыі самага рознага кшкалту.

На гэты раз сумную гадавіну рэфэрэндуму у горадзе вырашылі адзначыць не пікетам альбо вечарынай, а вывешваньнем нацыянальных сьцягоў. Цікава, што напярэдадні 14 траўня па беларускім тэлебачаньні прайшоў сюжэт берасьцейскіх карэспандэнтаў, у якім выказвалася крытыка на адрас кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасьць-герой”, маўляў, нават у дні вялікіх сьвятаў над крэпасьцю ня знойдзеш выяваў сымболікі, што была падтрыманая на рэфэрэндуме ў 95-м годзе.

І вось быццам бы прыслухаўшыся да парадаў прадстаўнікоў афіцыйных мас-медыяў, у нядзелю над крэпасьцю зьявіліся сьцягі, але зусім ня тыя, аб якіх марыла мясцовая вертыкаль. Прыкладна а 12 гадзіне над галоўным уваходам у мэмарыяльны комплекс, так званай “Зоркай”, залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Паколькі ў гэты дзень крэпасьць наведалі шмат берасьцейцаў і турыстычных групаў з Польшчы, Расеі ды іншых краінаў, гэтая падзея не засталася не заўважанай.

Сымбаль нацыянальнага адраджэньня Беларусі заставаўся над крэпасьцю больш за дзьве гадзіны. Аналягічны бел-чырвона-белы сьцяг быў вывешаны і над яшчэ адным ўваходам у крэпасьць, над паўночнай брамай.

Адказнасьць за тое, што адбылося, ўзяў на сябе мясцовы жыхар, які назваўся Міронам.

У адрозьненьне ад Берасьця, у іншым раённым цэнтры вобласьці – Бярозе, з нагоды пятых угодкаў рэфэрэндуму, сябры мясцовых суполак БНФ ды іншых грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, падалі заяўку ў райвыканкам на правядзеньне 14 траўня пікету ў падтрымку гістарычнай нацыянальнай сымболікі – беларускай мовы і стварэньня ў краіне нацыянальнага ўнівэрсітэту. Акрамя таго, пад час пікету, плянавалася весьці збор подпісаў супраць спробаў ліквідацыі незалежнасьці Беларусі і адкрыць выставу навінак беларускага кнігадруку і незалежнай прэсы.

Райвыканкам адмовіў у правядзеньні гэтага пікету ў цэнтры Бярозы, дазволіўшы сабрацца толькі на гарадзкім стадыёне і ў іншы час, чым гэта плянавалі арганізатары акцыі. Акрамя таго, вертыкаль выставіла ўмовы, згодна зь якой пад час пікету забаранялася зьбіраць подпісы і праводзіць выставу, а таксама распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы. Паколькі гэтае рашэньне райвыканкаму было атрымана толькі напярэдадні 14 траўня, арганізатары пікету вырашылі адмовіцца ад правядзеньня сваёй акцыі.

Ня выключана, што згаданае рашэньне бярозаўскае вертыкалі будзе абскарджана ў судовым парадку.

Алег Супрунюк, Берасьце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG