Нашаму карэспандэнту стала вядома, што памежны аўтапераход “Брузгі”
на беларуска-польскай мяжы будзе цалкам зачынены на тры месяцы. Гэта адбудзецца
1 жніўня. “Брузгі” – адзін з двух галоўных пераходаў на мяжы з Польшчай.
Праз яго прапускаюцца ўсе віды аўтатранспарту.
Днямі Горадню наведала польская дэлегацыя на чале з беластоцкім ваяводай
Крыстынай Лукашук. Наша мясцовая афіцыйная прэса паведаміла, што палякі
наведалі памежныя пераходы: Брузгі-Кузніца і Бераставіца-Баброўнікі.
Адбыліся перамовы з удзелам нашых і польскіх мытных і памежных мясцовых
кіраўнікоў. Нічога толькі не было паведамлена аб тым, якую праблему спрабавалі
разьвязаць удзельнікі перамоваў.
А праблема гэтая датычыць арганізацыі памежнага руху на бліжэйшы час.
Рэч ў тым, што польскі бок распачынае мадэрнізацыю пераходу ў Кузьніцы.
Разбудова працягнецца тры гады, а з 1 жніўня гэты пераход зачыняецца зусім
на тры месяцы. Пасля гэтага, 3 лістапада, машыны будуць прапускацца толькі
па адным пасе. Не сакрэт, што ўдзень у Брузгах пераяжджае мяжу да дзьвюх
тысяч машын, зь якіх большасьць – легкавыя. З 1 жніўня ім давядзецца кіраваць
у Берасьце або ехаць у Польшчу цераз Літву праз аўтапераход Агароднікі,
для чаго спатрэбіцца транзытная віза.
Палякі імкнуліся дамовіцца з нашым бокам, каб часова для пропуску легкавікоў
быў выкарыстаны аўтапераход Баброўнікі-Бераставіца, дзе прапускаецца толькі
грузавы транспарт. Нашыя пакуль не адказалі станоўча. Рэч вось у чым: на
пачатку 90-х гадоў палякі пачалі пашыраць свой пераезд у Баброўнікі, паколькі
ў Кузьніцы рух транспарту адбываецца па вуліцы мястэчка. І разбудоўваць
гэты пераезд яны палічылі тады нямэтазгодным.
З беларускага боку адбылося наадварот: у Бераставіцы нічога не рабілася,
асноўныя працы распачаліся ў Брузгах, але даведзеныя да канца яны не былі.
Апошнія два гады беларускія ўлады дамовіліся, каб грошы на Брузгі дала
Расея, аднак далей абяцанак справа па сутнасьці не пайшла. Палякі лічаць,
што ў Бераставіцы і ў Баброўніках можна прапускаць у суткі каля 800 аўтатрэлераў
ці больш за тысячу легкавікоў.
Калі гэты пераход ня будзе выкарыстаны, тысячы гарадзенцаў і жыхароў
усяе Беларусі будуць мець вялікія праблемы, а чарга на беларуска-польскай
мяжы ў Берасьці можа павялічыцца нават у два разы.
Сяргей Астараўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1