Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ужо пасьля травеньскіх сьвятаў у Берасьці пайшлі чуткі пра тое, што напярэдадні Дня Перамогі недалёка ад гораду быў зьдзейсьнены наезд на маладую жанчыну, якая пазьней памерла. Прычым непасрэднае дачыненьне да гэтага выпадку мае нехта з кіраўнікоў вобласьці. Чуткі апынуліся праўдай. А ў машыне быў Васіль Даўгалёў.

Як стала вядома “Радыё Свабода”, трагедыя адбылася позна ўвечары 8 траўня на шашы Берасьце-Менск, насупраць вёскі Тэльмы, што месьціцца на ўскрайку абласнога цэнтру. Аўтамабіль “Вольва”, які належыць аблвыканкаму, вяртаўся ў горад з падарожжа па вобласьці. Кіраваў службовым аўтамабілем Валеры Суздальцаў, а пасажырам машыны ў гэты час зьяўляўся берасьцейскі старшыня аблвыканкаму Васіль Даўгалёў.

Прыкладна ў 23.30 аўтамабіль зрабіў наезд на 33-гадовую жанчыну Ірыну Панасюк, якая ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэньня. Спадарыня Панасюк жыла ў раённым цэнтры Жабінка, дзе працавала настаўніцай у мясцовай школе. Месяц таму яна пахавала свайго мужа. Цяпер, пасьля заўчаснай сьмерці маці, засталася без бацькоў дачка, вучаніца пятага кляса.

Амаль адразу пасьля трагедыі на месца здарэньня прыехала сьледча-апэратыўная група на чале з начальнікам абласнога ДАІ Ўладзімерам Надзеіным. Інфармацыю пра гэтае здарэньне тэрмінова накіравалі ў МУС Беларусі. Паводле дадзеных міліцыі, кіроўца аўтамабіля знаходзіўся ў цьвярозым стане, але ня выключана, што ён альбо перавысіў хуткасьць руху, альбо ня справіўся з кіраваньнем. Гэта і магло быць прычынай наезду на Ірыну Панасюк.

У кіраўніцтве справаў аблвыканкаму паведамілі, што кіроўца Валеры Суздальцаў быў добрым прафэсіяналам, і таму выключаюць вэрсію таго, што трагедыя адбылася па ягонай віне. Як бы там не было, усе абставіны трагедыі павінна высьветліць сьледства. Пакуль жа праваахоўчыя ворганы ўстрымліваюцца ад нейкіх камэнтароў на гэтую тэму. Больш таго, міліцэйскія чыноўнікі ў прыватных размовах з прадстаўнікамі мас-медыя спачатку не прызнавалі сам факт знаходжаньня Васіля Даўгалёва ў машыне, якая зьдзейсьніла дарожна-транспартнае здарэньне.

Між тым назіральнікі адзначаюць, што ўвесь наступны дзень, 9 траўня, пад час урачыстасьцяў з нагоды Дня Перамогі старшыня берасьцейскага аблвыканкаму знаходзіўся ў дрэнным настроі. Цяпер многім стала зразумела, чаму Даўгалёў на шматлікіх мерапрыемствах, прымеркаваных да сьвята, быў такім засмучаным. Крымінальную справу па факце дарожна-транспартнага здарэньня, якое зьявілася прычынай сьмерці маладой жанчыны, зараз вядзе пракуратура Берасьцейскага раёну. Першыя вынікі сьледзтва могуць быць вядомыя на пачатку наступнага тыдня.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG