Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Пінску распачаў працу двухдзённы сэмінар, які мае на мэце прэзэнтацыю пакету інфармацыі “Драгбокс”, распрацаванага швэдзкай недзяржаўнай арганізацыяй “Грамадзтва без наркотыкаў”. “Драгбокс”, які пасьпяхова выкарыстоўваецца ў барацьбе з нарказалежнасьцю на Захадзе і ў Расеі, упершыню ў Беларусі разам са швэдзкімі калегамі прэзэнтавала недзяржаўная арганізацыя з Пінску “Калегіюм”.

“Драгбокс” – гэта скрынка з брашурамі дзеля людзей розных ўзростаў, якая мае на мэце паказаць чытачу, што не ўжываць наркотыкі – гэта прэстыжна і нават модна, а не наадварот, як гэта лічыцца сярод моладзі. Сёньня швэдзкія, а таксама расейскія спэцыялісты па прафілактыцы і лячэньню наркатычнай залежнасьці распавялі прысутным пра досьвед выкарыстаньня гэтых матэрыялаў у сваіх краінах.

У сэмінары ўзялі ўдзел больш за сто чалавек: настаўнікі, лекары, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый з Беларусі, Швэцыі і Расіі. Праблема ўжываньня наркотыкаў у Пінску падаецца надзвычай актуальнай, бо толькі за чатыры месяцы бягучага году колькасьць зарэгістраваных наркаманаў у горадзе павялічылася амаль на чвэрць.

Галоўны лекар гарадзкога цэнтру здароўя Яўген Пятроў схарактарызаваў сытуацыю з наркотыкамі ў Пінску як эпідэміялягічную. Па колькасьці наркаманаў, значную частку зь якіх складае моладзь да дваццаці гадоў, Пінск займае трэцяе месца на Беларусі. Па словах Надзеі Аўсіевіч – старшыні грамадзкай арганізацыі “Калегіюм”, “у горадзе робіцца недасткова захадаў па прафілактыцы ўжываньня наркотыкаў, і праграма “Драгбокс”, праца якой пры падтрымцы швэдзкіх калегаў, разьлічаная на год, у пэўнай ступені мусіць дапамагчы рабіць гэта больш эфектыўна.

Гаворыць Надзея Аўсіевич:

(Аўсіевіч: ) “Па-першае, нам бы хацелася, каб гэтая інфармацыя (гэта сапраўды інфармацыйны прарыў) была атрымана людзьмі, якія працуюць з так званымі групамі рызыкі ў адносінах да наркотыкаў: з настаўнікамі, з сацыяльнымі пэдагогамі, кіраўнікамі маладзёвых клюбаў і сэкцыяў”.

Варта адзначыць, что напярэдадні правядзеньня сэмінару, арганізатары былі выкліканыя ў выканкам, дзе намесьнік старшыні Алесь Канеўскі запатрабаваў поўнай справаздачы аб месьце маючага адбыцца мерапрыемства. Як ня дзіўна, але галоўную ўвагу чыноўнік засяродзіў на тым, каб на сэмінары не было нічога пра палітыку. Пад час амаль гадзіннай размовы ён у прыватнасьці папярэдзіў: (цытую) “Каб часам Маладая Грамада не пачала махаць у зале бел-чырвона-белымі сьцягамі” (канец цытаты).

Аднак паглядзець, ці будуць у зале махаць сьцягамі спадар Канеўскі, нягледзячы на запрашэньне, не прыйшоў. Сёньня прысутным раздалі каля дзвюх сотняў камплектаў матэрыялаў “Драгбокс”, асаблівую ўдзячнасьць прысутныя выказалі вядомай журналістцы, фатографу са Швэцыі Марыі Фёдэрберг, чыімі намаганьнямі шчыльнае партнэрства беларусаў і швэдаў у гэтай галіне сталася магчымым.

Заўтра сэмінар працягне сваю працу а дзесятай гадзіне ў Палацы культуры трыкатажу. Усе жадаючыя могуць далучацца.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

XS
SM
MD
LG