Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларуская апазацыя, аб’яднаная ў Кансультацыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў, сёньня вырашыла, што прадстаўляць ейныя інтарэсы на трохбаковай сустрэчы з прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі і Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ будзе прафэсар Міхал Пастухоў.

Сустрэча трох асобаў, якія прадстаўляюць прэзыдэнцкую адміністрацыю, палітычную апазыцыю і Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ, можа адбыцца ўжо заўтра. За адным сталом павінны сабрацца заступнік кіраўніка КНГ Мішэль Рывальле, прафэсар Міхал Пастухоў і супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, імя якога пакуль невядомае.

Ініцыятыва трохбаковае сустрэчы належыць кіраўніку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ амбасадару Віку. Праўда, сам ён да 19 траўня будзе за межамі Беларусі, але перад ад’ездам зь Менску Ганс-Георг Вік надзяліў усімі неабходнымі паўнамоцтвамі для вядзеньня кансультацыяў свайго заступніка Мішэля Рывальле.

Прадастаўнікі трох арганізацыяў павінны ўзгадніць усе дэталі будучае сустрэчы першага заступніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Русакевіча зь лідэрамі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Нагадаю, што лідэры апазыцыі не пагадзіліся праводзіць гэтую дзею пад час нядаўняга візыту ў Менск “тройкі” АБСЭ. На іхную думку, улады хацелі штучна навязаць сустрэчу менавіта ў дні знаходжаньня эўрапейскіх чыноўнікаў у Беларусі, каб паказаць, што ў справе стварэньня клімату даверу нібыта зьявіўся нейкі прагрэс.

Пасьля ад’езду зь Менску “тройкі” гэтая перашкода зьнікла. Але паколькі клімату даверу паміж уладамі ды апазыцыяй даўно не йснуе, неабходна ўлічваць кожную дробязь пры падрыхтоўцы гэтакае сустрэчы. Спадар Рывальле прывёў такі прыклад. Нават залю, дзе сустрэнуцца апазыцыянэры й Русакевіч, няпроста вызначыць. Апазыцыя прапануе, каб ёю стаў будынак, у якім месьціцца Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. На гэты варыянт згодныя і эўрапейскія чыноўнікі, якія ў якасьці запаснога варыянту назвалі залю гатэля “Юбілейны”. А ўладны бок настойвае на памяшканьнях кіна-канцэртавае залі “Менск”.

Паводле Мішэля Рывальле, неабходна вызначыць пасьлядоўнасьць будучых сустрэчаў, старшыняў пасяджэньняў, аб’ём інфармацыі, якая будзе перадавацца ў мас-мэдыі Амбасадар Вік перад ад’ездам выказаў думку, што патрэбна вызначыць і імёны экспэртаў ад уладаў і апазыцыі, якія маглі б, калі будзе пэўны прагрэс, адразу ўключыцца ў працу для падрыхтоўкі кампрамісных рашэньняў у пытаньнях, якія стануць прадметам перамоваў Уладзімера Русакевіча й лідэраў палітычнай апазыцыі.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG