Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры распачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Сучасны палітычны й сацыяльна-эканамічны працэс у Беларусі, Расеі і Ўкраіне: стан, праблемы, пэрспэктывы”. Канфэрэнцыю зарганізавала беларуская асацыяцыя палітычных навук.

Такія канфэрэнцыі даюць зразумець, што ў Беларусі йснуюць фундамэнтальныя навуковыя дасьледаваньні ў галіне паліталёгіі, што навукоўцы бачаць рэальныя альтэрнатывы цяперашняе сытуацыі і маюць што сказаць беларускаму грамадзтву, якое пакуль што знаходзіцца на раздарожжы паміж сацыялістычным мінулым і лібэральнай будучыняй.

Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі палітычных навук Уладзімер Бабкоў, які аналізаваў сучасную сытуацыю ў Беларусі, прыйшоў да высновы, што найбольшы дэфіцыт для нашае краіны – грамадзянская згода. Ён заклікаў у рамках “грамадзка-палітычнага дыялёгу”, які распачалі ўлады, правесьці й перамовы ураду й апазыцыі, і ў якасьці першага кампрамісу пайсьці на ўвядзеньне зьмешанае выбарчае сыстэмы, пры якой 25 адсоткаў парлямэнтарыяў абіраліся б паводле партыйных сьпісаў.

Уладзімер Бабкоў абгрунтаваў свае прапановы й спаслаўся на вынікі сацыялягічных апытаньняў. У Менску 43 адсоткі рэспандэнтаў выступаюць за перамоўны працэс, які, як было ў Польшчы ці Гішпаніі, прывёў бы да згоды ў грамадзтве, пераадоленьня міжнароднай ізаляцыі і ў далейшым да эканамічнага росту.

Аднак ці пачуюць навукоўцаў тыя, хто сёньня прымае ў Беларусі рашэньні. Гаворыць Уладзімер Бабкоў:

(Бабкоў: ) “Мы, навукоўцы, павінны імкнуцца да таго, каб нас пачулі. Аднаго разу не пачулі – другі раз пачуюць. Таму мы і сабралі навукоўцаў з розных краінаў, людзей з рознымі памкненьнямі, з рознымі настроямі, і спрабуем зразумець, дзе мы знаходзімся, у якім грамадзтве, як і што робіцца побач у гэтых краінах. Ну і імкнемся зрабіць нейкія навуковыя падсумаваньні, нейкія падсумаваньні для органаў улады”.

Гаварыў сябра-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Бабкоў.

Як зазначалася на канфэрэнцыі, Беларусь у вадрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны з-за процідзеяньня ўладаў вельмі запаволена будуе шматпартыйную сыстэму й шматукладную эканоміку.

Але ёсьць у трох славянскіх дзяржаваў і супольнае. Як зазначыўдоктар філязофіі Фелікс Рудзіч з Кіеву, Украіна, Расея і Беларусь будуюць свае палітычныя структуры як аўтарытарныя рэжымы. Гэта як быццам лягічна пры пераходзе ад таталітарнага камуністычнага мінулага, і можа прынесьці пэўны плён у рэфармаваньні эканомікі й грамадзтва, аднак, як лічыць навуковец, посьпехі, дасягнутыя аўтарытарнымі мэтодамі, ня могуць быць трывалымі.

Пасьля нядаўняга рэфэрэндуму ўсё больш выразнымі рысы аўтарытарызму робяцца й ва Ўкраіне. Аднак прафэсар Фелікс Рудзіч з Кіеву ня лічыць, што магчымая трансфармацыя рэжыму Кучмы ў нешта падобнае на тое, што робіць Лукашэнка.

Гаворыць Фелікс Рудзіч:

“Украіна разьвіваецца як дэмакратычная, сацыяльная праўная дзяржава. Калі гаварыць пра нейкія рысы аўтарытарнага рэжыму, дык яны нярэдка выяўляюца ў тым, што прэзыдэнт Украіны, прагнучы паскорыць рэформы й зьдзейсьніць мадэрнізацыю эканомікі, нярэдка выкарыстоўвае мэтоды, якія можна назваць аўарытарнымі. Але гэта зусім іншыя мэтоды да тых, што выкарыстоўвае беларускі прэзыдэнт”, – гаварыў украінскі навуковец Фелікс Рудзіч.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG