Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Каля сотні сем'яў зь нямецкага Мюнстара празь ліставаньне ўсталявалі партнэрскія сувязі зь беларусамі, што калісьці былі сасланыя на прымусовыя работы ў Нямеччыну ў іхны горад. Немцы прыехалі ў Менск, каб асабіста сустрэцца з гэтымі людзьмі.

Напярэдадні сьвята Перамогі ў Менску адбылася сустрэча сасланых у гады вайны ў Нямеччыну беларускіх остарбайтэраў і прадстаўнікоў горада Мюнстара. Нямецкіе сем'і ды сем'і былых остарбайтэраў, што працавалі ў Мюнстары, усталявалі пэрсанальнае партнэрства.

Немцы штомесяц дапамагаюць беларусам грашовымі пераводамі, вядуць ліставаньне, а напярэдадні 9 траўня змаглі зь імі асабіста пазнаёміцца, абмяняцца падарункамі.

Гаворыць арганізатар гэтай акцыі былы настаўнік, а цяпер пэнсіянэр зь Мюнстара Вернэр Ліндэман:

“Спачатку я быў адзін, потым знайшоў сяброў і разам з бургамістрам Мюнстару мы правялі прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой папрасілі падтрымкі. Сёньня мы знайшлі ўжо 71 сям'ю, якая гатовая штомесяц пералічваць па пяцьдзясят марак як маленькую пэнсію і дапамогу для людзей, якія былі у часе вайны вывезеныя на працу ў Мюнстар і там страцілі здароўе. Акрамя таго, на заклік адгукнуліся школьнікі, царкоўныя зьвязы, жаночыя арганізацыі, шмат маладых і старых людзей. Мы спадзяемся, што гэта будзе на карысьць і Мюнстэру”, – так сказаў арганізатар гэтае дабрачыннай акцыі Вернэр Ліндэман.

Выступаючы ў Менскім адукацыйным цэнтры перад сотняй сівавалосых людзей з усіх куткоў Беларусі, якія калісьці былі остарбайтэрамі ў Мюнстары, Вернэр Ліндэман выказаў шкадаваньне, што дарога да гэтых людзей знойдзеная вельмі позна, і што немцы хацелі б ня толькі матэрыяльна дапамагаць беларусам, але й захаваць для гісторыі іхныя раповяды пра жыцьцё ў выгнаньні. Дзеля гэтага з нямецкай дэлегацыяй у Менск прыехалі тры прафэсійныя гісторыкі, у тым ліку прадстаўнік дзяржаўнага архіву Мюнстэру.

Зь беларускага боку акцыю зарганізавала Асацыяцыя вязьняў канцлягераў “Лёс”, старшыня якой Вольга Няхай паведаміла “Радыё Свабода”, што акцыя пабудаваная выключна на грамадзянскай ініцыятыве й разьлічаная на два гады.

Гаворыць Вольга Няхай:

(Няхай: ) “Сутнасьць гэтай акцыі ў тым, каб разбудзіць у сэрцах людзей такое пачуцьцё дабрыні, каб людзі маглі зразумець тое, што было, і што ніколі-ніколі не забудзецца. Мы, беларусы, – вельмі добры і шчыры народ. Працавітыя, добрыя, чулыя да гора іншых. І раптам мы знаходзім гэтыя ж пачуцьці ў Нямеччыне, нават клясы дзяцей зьбіраюць грошы, каб аказаць дапамогу гэтым бедалагам, якія былі рабамі ў нямецкім рэйху”.

– гаварыла Вольга Няхай з Асацыяцыі “Лёс”.

Беларускія пэнсіянэры, дзяцінства і юнацтва якіх прыпалі на вайну, матэрыяльна жывуць вельмі дрэнна. Многія з былых мюнстэрскіх остарбайтэраў проста не дачакаліся дапамогі. Гэтыя людзі ў савецкі час пасьля вяртаньня з вымушанага выгнаньня падпалі пад падазрэньне з боку камуністычных уладаў, не змаглі атрымаць адукацыю, добрую працу, як сьлед уладкаваць жыцьцё. Толькі ў вапошнія гады, пасьля “перабудовы”, стаўленьне да гэтых людзей зьмянілася.

Былыя остарбайтэры шчыра дзякавалі за дапамогу й зазначалі, што новыя пакаленьні немцаў не вінаватыя ў тым, што адбывалася ў часе вайны.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG