Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“У параўнаньні зь мінулым годам становішча незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі значана пагоршылася, што асабліва бачна ў эканамічным пляне”, – гэтая цытата ўзятая з аналітычнага дакумэнту пад назовам “Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі”, які днямі падрыхтаваны супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі. Сёньня прадстаўнікі АБСЭ перадалі гэтыя матэрыялы афіцыйным беларускім уладам, грамадзкасьці краіны, а таксама накіравалі ў Вену, у штаб-кватэру АБСЭ.

У першым разьделе дакумэнту, дзе аналізуецца стан друкаваных выданьняў, сьцьвярджаецца, што “дзяржаўныя газэты зьяўляюцца манапалістамі ў галіне палітычнай інфармацыі. Насуперак афіцыйнае статыстыцы, якая, як і раней, цьвердзіць пра багаты ляндшафт сродкаў масавай інфармацыі, пэрыядычныя выданьні, што належаць дзяржаве, кантралююць ня менш за 80 адсоткаў беларускага рынку мас-мэдыяў”.

Незалежныя выданьні, выдаткі якіх вышэй, чым у дзяржаўных, асабліва адчуваюць на сабе розьніцу ў падыходах з боку ўладаў. Расцэнкі на падпіску па пошце вельмі моцна адрозьніваюцца: да прыкладу, “Советская Белоруссия” на другі квартал каштуе 140 рублёў, а “Народная Воля” – 467.

У даведцы паведамляецца, што старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхал Падгайны не адмаўляе факту субсідаваньня дзяржаўных СМІ, але ён сьцьвярджае, што бальшыня незалежных мас-мэдыяў атрымліваюць дапамогу з-за мяжы.

Аналізуючы стан электронных СМІ, адмыслоўцы Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ канстатуюць наступнае: “Урадавая Дзяржаўная тэлерадыёкампанія валодае амаль абсалютнай манаполіяй на асьвятленьне нутраной палітыкі і, як усім вядома, распаўсюджвае толькі прапрэзыдэнцкі пункт гледжаньня. Іншадумства ня мае доступу ў эфір”.

У адмысловым разьдзеле разглядаецца праўная сытуацыя з мас-мэдыямі. Зьвяртаецца ўвага на тое, што як Канстытуцыя 1994 году, гэтак і дзейны Асноўны закон на паперы гарантуюць свабоду СМІ. Беларусь падпісала й Хартыю правоў чалавека, і Канвэнцыю СНД пра правы чалавека і асноўныя свабоды. Тым ня менш, Законам “Аб друку ды іншых СМІ” ўсталяванае мноства абмежаваньняў для выдаўцоў, рэдактараў і журналістаў.

У разьдзеле, прысьвечаным адміністрацыйнаму перасьледу незалежных газэтаў, прыводзяцца наступныя лічбы: летась 52 пэрыядычныя выданьні атрымалі 76 папярэджаньняў. Прычым, ціск на незалежныя СМІ павялічваецца.

У кароткім лісьце, які падпісаў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ амбасадар Вік, і які суправаджае падрыхтаваны дакумэнт, адзначана, што канчатковы правал перамоваў паміж урадам і апазыцыяй адносна доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ зьяўляецца сур’ёзнай перашкодаю на шляху дэмакратычных пераўтварэньняў.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG