Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


8 траўня ў мястэчку Коханава Віцебскае вобласьці адбылося нефармальнае закрыцьцё афіцыйна забароненай выставы Алеся Пушкіна.

Адкрытая для наведвальнікаў 1 траўня выстава Алеся Пушкіна ўжо трэцяга траўня была афіцыйна забароненая. Пятага траўня ў арганізатараў выставы з маладзёвае суполкі “Крам” адабралі ключы ад Дома культуры, дзе экспанаваліся творы. А восьмага траўня ў Коханава прыехаў сам мастак Алесь Пушкін каб бліжэй пазнаёміцца з тымі юнакамі, якія адстойвалі ягонае мастакоўскае імя ў супрацьстаяньні з уладамі. Сяржук Палуда, карэнны жыхар Коханава, распавёў, што коханаўскае рэгіянальнае аб’яднаньне моладзі, скарочана “КРАМ”, распрацавала цэлы мастацка-адукацыйны праект пад назовам “Правінцыя”.

Першай ў рэчышчы гэтага праекту і была выстава карцінаў Алеся Пушкіна ды скульптураў мясьцовага скульптара Палякова. Цікава, што старшыня Талачынскага райвыканкаму Анатоль Канюхоўскі загадаў згарнуць выставу не з-за сумневу ў яе мастацкіх вартасьцях, а выключна з палітычных меркаваньняў. Маўляў, ускладняецца палітычная сытуацыя ў раёне, зьяўляюцца ўлёткі ды актывізуецца тутэйшая патрыятычна скіраваная моладзь.

Яшчэ адной адзнакай выставы сталася тое, што ў кнізе водгукаў усяго за тры дні зьявіліся дзесяткі ўдзячных допісаў. А на закрыцьцё выставы 8 траўня зьехаліся каля паўсотні гасьцей зь Віцебску, Воршы ды Талачына. Дзеля іх Алесь Пушкін паказаў пэрформанс “Першы беларускі партызан”, а таксама відэастужку зь іншымі перформансамі ды фрагмэнтамі судовых працэсаў, пад час якіх мастак мусіў адстойваць сваё права на мастацкую творчасьць.

Падзея прайшла без усялякай увагі з боку мясцовых уладаў, ды й прызначана яна была ня ім, а звычайным людзям – коханаўцам. Арганізатары суполкі “КРАМ” лічаць, што сваёй мэты выстава дасягнула, і ейная забарона з боку ўладаў толькі падагрэла цікаўнасьць мясцовых жыхароў да нацыянальнага мастацтва.

Распачаты праект “Правінцыя” будзе працягнуты. Коханаўцы цяпер плянуюць арганізаваць выставу твораў мастакоў суполкі “Пагоня”, а выстава Алеся Пушкіна, магчыма, накіруецца ў далейшае падарожжа
да гледачоў беларускае глыбінкі.

Браніслава Станкевіч, Талачынскі раён

XS
SM
MD
LG