Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У апошні час у Беларусі зьявіліся так званыя дабрачынныя білеты выпуску Беларускага Эгзархату Рускай Праваслаўнай Царквы. Але іх распаўсюджвалі зусім не дабраахвотна. Паведамляе Аляксандар Сердзюкоў.

Любоў адно да аднаго герархі Праваслаўнае царквы і прадстаўнікі ўлады засьведчылі на экранах беларускага тэлебачаньня даўно. А з ейнымі праявамі жыхары нашай краіны мелі магчымасьць пазнаёміцца яшчэ й сёлета.

Менавіта ўвесну ў мясцовых філіях Ашчаднага банку зьявілася некалькі дзесяткаў тысячаў дабрачынных білетаў выпуска Беларускай Праваслаўнай царквы. Гэтыя білеты нельга аднесьці да каштоўных папераў, бо набыўшы іх, грамадзянін ня мог спадзявацца на іх кампэнсацыю. Жыхарам краіны прапаноўвалі за свой кошт падтрымаць царкву, для чаго было патрэбна купіць білет за некалькі тысячаў дэнамінаваных рублёў. Праваслаўныя сьвятары растлумачылі, што атрыманыя грошы будуць выкарыстаныя на будаўніцтва храмаў, утрыманьне духоўных навучальных устаноў ды іншую дзейнасьць Царквы, аднак ад больш падрабязных пытаньняў ухіліліся.

Спроба карэспандэнта Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода атрымаць адказы на свае пытаньні не завершылася посьпехам.

(Сердзюкоў: ) “Добры дзень, вас турбуе радыёстанцыя “Свабода”.

(Сакратарка: ) “Добры дзень”.

(Сердзюкоў: ) “Я магу паразмаўляць з айцом Іаанам?”

(Сакратарка: ) “А па якім пытаньні?”

(Сердзюкоў: ) “Пытаньне аб дабрачынных білетах Беларускай Праваслаўнай царквы. Я хацеў даведацца, зь якой мэтай іх распаўсюджваюць?”

(Сакратарка: ) “Я не ўпаўнаважаная размаўляць з прэсай, а ён на такія пытаньні па тэлефоне не адказвае. Звычайна ён непасрэдна размаўляе з людзьмі, зараз яго няма на месцы, і яго можна знайсьці толькі пасьля Радаўніцы”.

Для наладжваньня выпуску білетаў царкве ня трэба было прасіць дазвол у рэспубліканскага камітэта па каштоўных паперах, бо білет такою не зьяўляецца. Дастаткова было дазволу Савету Міністраў, які Праваслаўная царква атрымала. Пасьля адпаведнага дазволу гэтыя каштоўныя паперы зьявіліся ў большасьці філіяў Ашчаднага банку Беларусі.

Здаецца былі выкананыя ўсе нормы заканадаўства, аднак пад час распаўсюджваньня папераў ўзьніклі іншыя пытаньні. Сытуацыю камэнтуе кандыдат эканамічных навук Валеры Дашкевіч.

(Сердзюкоў: ) “Спадар Дашкевіч, нядаўна ў аддзяленьнях “Беларусьбанку” зьявіліся дабрачынныя білеты Беларускай Праваслаўнай царквы. Скажыце, што Вы думаеце пра гэтую ініцыятыву, і ці апраўдана яна з пункту гледжаньня закону?”

(Дашкевіч: ) “Нашае заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях не забараняе такую практыку і распаўсюджваньне гэтых білетаў увогуле не забараняецца. Але тут ёсьць адзін момант. Справа ў тым, што Праваслаўная царква зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй, і яна павінна распаўсюджваць такія білеты належным чынам. Скажам, у самой жа царкве, дзесьці ў іншых месцах, дзе зьбіраецца народ.
Павінны дапамагаць дабраахвотнікі. Той факт, што дадзеная дзейнасьць ажыцьцяўляецца праз дзяржаўны банк, троху незразумелы. Справа ў тым, што Ашчадны банк “Беларусьбанк” на сто адсоткаў зьяўляецца дзяржаўным банкам і незразумела, чаму праз ягоныя аддзяленьні распаўсюджваюцца дабрачынныя білеты нейкае грамадзкае арганізацыі. Акрамя таго, грамадзкае аб’яднаньне павінна клапаціцца аб тым, каб вёўся ўлік грошай, якія паступаюць, каб білеты былі пранумараваныя і зарэгістраваныя і гэтак далей. Мне не вядома, ці была праведзеная такая праца. Можа тыя білеты засталіся дзесяцігадовай даўнасьці? Таму я не магу сказаць, наколькі ўсё зроблена як належыць”.

З намі на сувязі быў кандыдат эканамічных навук Валеры Дашкевіч.

Аднак ініцыятыва Праваслаўнай царквы і выканаўчай улады краіны ў яе жыхароў падтрымкі не знайшла. Беларусы набылі ў філіях Ашчаднага банку толькі дзесятую частку дабрачынных папераў. І, відаць, не з-за адсутнасьці жаданьня дапамагчы царкве ў будаўніцтве храмаў і ўтрыманьні духоўных навучальных установаў, але таму, што заробкаў не хапала на самае неабходнае, пасьля чаго ахвярамі такой дабрачыннасьці сталі супрацоўнікі філіяў банку. Асобныя зь іх, якія пажадалі застацца невядомымі, паведамілі, што частку месячнага заробку ім сталі выдаваць дабрачыннымі білетамі, а атрыманыя грошы пералічваць на царкву.

Тыя ж супрацоўнікі кажуць, што хутка такая заганная практыка будзе перанесеная і на іншых працаўнікоў. Аднак кіраўнікі банку, у прыватнасьці начальнік дэпартамэнту валютнага кантролю і фінансавых апэрацыяў Алег Сапуноў заявіў, што дадзены факт не адпавядае рэчаіснасьці, а супрацоўнікам філіяў банку пад час выдачы заробкаў проста прапаноўваюць набыць гэтыя паперы.

Аднак, паводле крыніцаў Радыё Свабода, супрацоўнікам шэрагу філіяў банку выдаюць гэтыя білеты ў прымусовым парадку. Адзін з супрацоўнікаў банку ў Шклоўскім раёне, які пажадаў застацца невядомым, у інтэрвію карэспандэнту Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода заявіў: “Цяжка зразумець, калі дабрачыннасьць мяжуе з прымусам. Бо з той жа Бібліі вынікае, што ахвяраваньні на карысьць разьвіцьця хрысьціянства – дабраахвотная справа”.

Што ж, гістарычны вопыт сьведчыць, што абслугоўваньне рэжыму, хоць і за вялікую плату, ніколі не прыносіла Царкве станоўчых вынікаў.

Аляксандар Сердзюкоў

XS
SM
MD
LG