Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ў маскоўскім Крамлі адбылася інаўгурацыя новага прэзыдэнта Расеі Владзіміра Пуціна. “Стыль Пуціна застаецца загадкаю” – гэтак называецца артыкул у сёньняшнім нумары “Washington Post”.

Свой артыкул аглядальнік “Washington Post” Дэніэл Вільямс пачынае з параўнаньня: “Пуцін нагадвае актора, які пад час прадстаўленьня зьяўляецца ў розных абліччах. То ён лётае на баявым зьнішчальніку над Чачнею, то апрануты ў строй падводніка спускаеца на субмарыну, то ён займаецца барацьбой дзю-до, то катаецца на лыжах ў паўднёвых гарах. Ён нават езьдзіць на трактары.

Ягоныя шматлікія зьмены абліччаў спарадзілі новы род крэмліналёгіі, калі расейцы спрабуюць уведаць накірункі будучай палітыкі, аналізуючы пуцінскія спэктаклі. Гэта тлумачыцца тым, што за 4 месяцы выкананьня абавязкаў прэзыдэнта Пуцін ніяк не раскрыў свае пляны, што ён зьбіраецца рабіць у эканоміцы і палітыцы.

Аглядальнік “Washington Post” спасылаецца на думку маскоўскага аналітыка Андрэя Піянткоўскага, які гаворыць: “Сымбалізм дагэтуль адыгрывае цэнтральную ролю ў паводзінах Пуціна. Але дзе ж сутнасьць?”

Амаль ўсе згаджаюцца з тым, што Пуцін захапляецца войскам. Ён цалкам падтрымаў ваенныя дзеяньні ў Чачні, якія сталі сымбалем Пуціна, ён зьвязвае ўсе беды Расеі зь яе паразаю ў спробах вярнуць Чачню пад кантроль Масквы.

У красавіку, пад час візыту Пуціна на Паўночны Флёт у ягоны гонар адбыўся вучэбны пуск дзвюх балістычных ракетаў. Праз некалькі дзён у гонар перамогі над Нямеччынаю ў Другой Усясьветнай вайне Пуцін арганізуе на Краснай плошчы маштабны парад, якога яшчэ ня бачыла постсавецкая Расея.

Аутар артыкулу ў “Washington Post” Дэніэл Вільямс лічыць, што для расейцаў у зьменах вобліку, ў пераапрананьнях Пуціна няма нічога новага. Такія паводзіны былі ўласьцівыя расейскім царам і генэральным сакратарам кампартыі. Але яны рэзка кантрастуюць са стылем яго папярэдніка, Барыса Ельцына, які ня быў рамантыкам мілітарызму.

На самой справе кантраст больш глыбокі. Ельцын імкнуўся ўсталяваць дэмакратыю, хаця і зь невялікім посьпехам. Ён таксама адстойваў талерантнасьць ў расейскім шматэтнічным грамадзтве. Пуцін спрабуе паправіць свой імідж пры дапамозе дэмакратычнай рыторыкі. Маючы на ўвазе наступ крыміналу і адсутнасьць парадку, ён кажа, што краіна павінна кіравацца “дыктатураю закону”. Але сярод лібэралаў гэтыя словы выклікаюць трывогу.

Дэніэл Вільямс спасылаецца на меркаваньне Паўла Фінгельгаўэра, аглядальніка газэты “Москоу Таймс” , паводле якога “падаецца ўсё больш і больш верагодным, што пуцінская “дыктаура закону” будзе звычайнай дыктатурай, дзяржавай з панаваньнем сакрэтнай паліцыі, дзе законам стане сам Пуцін і ягоная адміністрацыя”.

На мінулым тыдні пад час сmвяткаваньня перамогі над нацызмам на Прохараўскім полі ў Белгарацкай вобласьці Пуцін гаварыў пра перамогу “славянскіх народаў”, відавочна забыўшыся, што Чырвоная армія ўключала ў сябе прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў.

“Расейскі журналіст Яўгенія Альбац бачыць ў словах Пуціна вяртаньне сталінскага пасьляваеннага курсу на першынство славянаў”, – піша “Washington Post”.

Нават у самой працэдуры інаўгурацыі наглядальнікі бачаць штрыхі да партрэту рэальнага Пуціна. Інаўгурацыя адбывалася ў Крамлеўскім палацы, а не ў Палацы зьездаў, дзе ў 1996 годзе праходзіла інаўгурацыя Ельцына. На думку некаторых назіральнікаў, Пуцін ужо бачыць сябе на царскім троне.

На заканчэньне артыкулу Дэніэл Вільямс прыгадвае нядаўнюю публікацыю ў расейскай газэце “Коммерсантъ”. “Коммерсантъ” надрукаваў нутраны крамлёўскі дакумэнт, які сьведчыць аб тым, што Пуцін мае намер адзінаасобна кіраваць Расеяй з Крамля, што роля прэм’ера і щраду будуць зьніжаныя. Сам расейскі лідэр называе гэта “рэальным кантролем над палітычным працэсам”, – адзначае аглядальнік “Washington Post” Дэніэл Вільямс.

Юры Дракахруст

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG