Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 7 траўня)
Пасьля прынясеньня прысягі новым кіраўніком Расеі, да яго зьвярнуўся першы расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын. Потым з кароткай інаўгурацыйнай прамовай выступіў і сам Владзімір Пуцін.

І Пуцін і Ельцын зьвярнулі ўвагу на тое, што сеньня адбылася мірная, легітымная перадача вышэйшай ўлады ў Расеі. Пуцін заўважыў, што перадача дэмакратычнай, дадзенай па волі народа ўлады адбылася наогул ўпершыню ў расейскай гісторыі.

Урачыстасьць і законнасьць сеньняшняй цырымоніі, якая адбылася ў Крамлі, падкрэсьлівае, мякка кажучы, сумніўную легітымнасьць сучаснай вышэйшай улады на Беларусі.

Зьвяртае на себе ўвагу, што пад час сеньняшніх урачыстасьцяў ані Ельцын, ані Пуцін ня злоўжывалі дзяржаўніцкай рыторыкай. Першы прэзыдэнт Расеі назваў галоўнай заваёвай свайго праўленьня свабоду. Пуцін таксама адзначыў, што адной са сваіх галоўных задачаў лічыць захаваньне і пашырэньне дэмакратыі.

Пэўных высноваў з гэтага рабіць, можа, і ня варта, але дэманстрацыя прыхільнасьці да дэмакратыі ў сучаснай Расеі ня ёсьць даніна папулізму.

На сеньняшнюю цырымонію ў Крэмль былі запрошаныя кіраўнікі ўсіх асноўных канфэсіяў Расеі, а патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы Алексі ІІ стаяў хаця і ў першым шэрагу гасьцей, але ж ня побач з прэзыдэнтам. І гэта таксама кантраставала з беларускай сытуацыяй, дзе патрыяршы экзарх Філярэт пад час дзяржаўных ўрачыстасьцяў амаль заўсёды знаходзіцца побач з кіраўніком дзяржавы.

Абяцаньне Пуціна абараняць расейскіх грамадзянаў як ў Расеі, гэтак і за яе межамі, па форме ніяк не супярэчыць прынцыпам міжнароднага права. Але, ўлічваючы ціск Расеі на балтыйскія краіны, якія Масква абвінавачвае ў дыскрымінацыі расейскамоўнага насельніцтва, можна меркаваць, што зараз гэты ціск можа быць ўзмоцнены.

Некаторыя канкрэтныя контуры сваёй палітычнай праграмы Владзімір Пуцін вызначыў напярэдадні інаўгурацыі, пад час сустрэчы з кіраўнікамі рэгіянальных выбарчых камісіяў, ён выказаўся за абраньне дэпутатаў Дзяржаўнае Думы паводле мажарытарнага прынцыпу і за рэфармаваньне Савету Фэдэрацыі, паабяцаў будаваць “больш жорсткую вэртыкаль улады”. Разам з тым, ён падкрэсьліў, што захаваньне дэмакратычных інстытутаў – неабходная ўмова паляпшэньня жыцьцёвага ўзроўню, і выступіў за адрасную сацыяльную абарону і “максымальныя эканамічныя свабоды”.

Такім чынам, можна меркаваць, што курс новага расейскага прэзыдэнта будзе палягаць ў лібэральных рэформах ў эканоміцы і ва ўзмацненьні дзяржаўніцкага падыходу ў палітыцы.

Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG