Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Салігорскія ўлады адмаўляюцца ставіць на ўлік мясцовую філію Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Учора заступніца старшыні Салігорскага гарадзкога выканаўчага камітэту Галіна Пятрашка, якая займаецца пытаньнямі ідэялёгіі, пад час сустрэчы з рэдактарам газэты Беларускага незалежнага прафэсійнага саюзу “Салідарнасьць” Віталём Мурылёвым не пагадзілася паставіць на ўлік у гарадзкім выканаўчым камітэце Салігорскую філію Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У афіцыйным адказе чыноўніца спаслалася на Палажэньне “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня”. Хоць Філія БАЖу ані суб’ектам гаспадараньня, ані юрыдычнай асобай не зьяўляецца.

Гаворыць Віталь Мурылёў:

“Я катэгарычна ня згодны з такой спасылкаю. Юрыдычнай асобаю нашая філія ніколі ня будзе й не зьбіраецца. Далей, самая назва гэтага дакумэнта, на які спасылаецца Пятрашка: аб рэгістрацыі суб’ектаў… Рэгістрацыю прайшла галаўная арганізацыя – БАЖ, а нам толькі трэба стаць на ўлік. Далей, гаспадарчай дзейнасьцю аніякай мы займацца не зьбіраемся. Таму гэты дакумэнт аніяк не падыходзіць пад нашую заяву. І не рэглямэнтуе пастаноўку на ўлік. Я кажу: “Пакажыце мне хоць адзін дакумэнт, які датычыць нас, на якой падставе Вы нам адмаўляеце? А паколькі гэтых дакумэнтаў няма, то я лічу так: дазваляецца ўсё, што не забараняецца законам… Ну, і тады Галіна Віктараўна заявіла: “Вы нам не патрэбныя. Калі хочаце, можаце на ўлік і не станавіцца. Але вы ня можаце выступіць ані зь якой заяваю, ані вылучыць нікога. Адным словам, вы павінны сядзець, як мыш пад венікам”.

Гэта быў Віталь Мурылёў, які дзявяты месяц безпасьпяхова дамагаецца ад чыноўніцы Салігорскага гарадзкога выканаўчага камітэту Галіны Пятрашкі пастаноўкі на ўлік мясцовае філіі БАЖ.

Паводле інфармацыі Віталя Мурылёва, нялёгкія перамовы з кіраўніцтвам Салігорскага раённага выканаўчага камітэту вядуць і тутэйшыя прадстаўнікі Менскай абласной асамблеі няўрадавых арганізацыяў, каб зарэгістраваць сваю мясцовую газэту “Ініцыятыва”. Плёну перамовы пакуль што не прынесьлі.

Алесь Мікалайчанка, Салігорск

XS
SM
MD
LG