Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Каля паловы работніц Гарадзенскае фабрыкі мастацкіх вырабаў пачалі страйкаваць, патрабуючы выплаціць заробак за сакавік. А частка працаўнікоў не атрымала сваіх заробкаў і за люты.

70 швачак фабрыкі ўжо другі дзень прыходзяць на свае працоўныя месцы, але не працуюць. Прыходзяць, каб ня быць прагульшчыцамі. Усяго на фабрыцы разам з тэхнічнымі службамі працуе 183 чалавекі. Такім чынам, страйкуе амаль палова тых, хто вырабляе прадукцыю фабрыкі.

У колішнія часы, між іншым, тут працавала 1200 чалавек. З 1992 году фабрыка стала народнай. Зараз, згодна з новым Кодэксам, форма ўласнасьці мусіць быць зьменена. Магчыма, што фабрыка стане прыватнай, і гэта вельмі непакоіць работніц. Хаця статус народнага прадпрыемства не зрабіў іх заможнымі. Усе апошнія гады фабрыка не магла выкараскацца з цяжкасьцяў. Заробкі тых, хто зараз страйкуе, усяго 20-25 тысячаў.

Маё занёмства з фабрыкай пачынаецца з размовы з Аляксандрай Сінюціч, галоўным інжэнэрам. Паставілася яна да візыту на прадпрыемства журналіста насьцярожана. Стала, праўда, распавядаць аб праблемах. Але наконт страйку гаварыць адмовілася – толькі, калі вернецца дырэктар, патлумачыла. А таго выклікалі ў гарвыканкам – таксама з нагоды страйку.

Старшыня прафкаму Марына Нікуленка паставілася да мяне напачатку наогул эмацыйна-непрыхільна. Тут ад падаткавых праблемаў няма жыцьця, а яшчэ й журналісты хочуць раздуць скандал.

– Пачакайце, – кажу я, – Вы ж старшыня прафкаму, Вы ж перш за ўсіх павінны дбаць пра работніц, якія страйкуюць, пра іхныя заробкі. А Вы абараняеце дырэктара.

Высьветлілася, што спадарыня Нікуленка займаецца справамі прафкаму грамадзкім чынам. А працуе – загадчыкам вытворчасьці.

Дырэктар Сяргей Аўсяец падрабязна расказаў пра тое, як прадпрыемства імкнецца выблытацца з праблемаў. Зрэшты, пакуль безпасьпяхова. Як адбываюцца пошукі інвэстара, а дакладней, новага гаспадара. Ён сказаў, што робяцца захады, каб заплаціць заробкі сёньня-заўтра. Праблема ў тым, што на рахунку дагэтуль не было грошай.

Швачак абурыла тое, што ім затрымалі грошы менавіта перад праваслаўным Вялікаднем дый іншымі сьвятамі. Аднак яны шкодзяць самі сабе, лічыць дырэктар. Бо праз страйк ня будзе выкананы тэрміновы заказ. А гэта – рэальныя грошы. Зрэшты, прадпрыемства мае пазыкі за энэрганосьбіты ды іншыя мільёнаў на 10 (дэнамінаваных). І столькі ж прыкладна вінаватыя яму ягоныя партнэры. Дырэктар не дазволіў мне наведаць цэх, пагутарыць з работніцамі – маўляў, каб не распальваць канфлікт. Адзінае, што ён пагадзіўся назваць колькасьць удзельніц страйку – 70, сказаў ён.

Напрыканцы нашай размовы увайшла галоўны інжэнэр і паведаміла, што гарвыканкам заказаў на фабрыцы тэрмінова 10 сьцягоў СССР на дзень Перамогі для вэтэранаў. Такі заказ фабрыку не ўратуе.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG