Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Набор першаклясьнікаў на беларускамоўнае навучаньне сёлета ў Менску можа скараціцца амаль удвая ў параўнаньні зь мінулагоднім. Да такога прагнозу схіляюцца сябры гарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных дзяцей.

Цяпер ў Менску, паводле афіцыйных зьвестак гарадзкое ўправы адукацыі, усяго адзінаццаць сярэдніх школаў, якія лічацца беларускамоўнымі. Яны і абвясьцілі днямі набор у першыя клясы з роднаю моваю навучаньня.

Аднак ніхто афіцыйна не пазбаўляў такога права (ці больш слушна сказаць – абавязку) рабіць гэта і ўсім тым школам, якім за час Шушкевіча быў нададзены статус беларускамоўных. Такіх школаў у Менску – 175. Пісьмовых рашэньняў гарадзкіх уладаў пра зьмену іхнага статусу не было. Гэта высьветлілі сябры Менскага гарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных дзяцей цягам сваіх настойлівых спробаў дамагчыся ад уладаў адкрыцьця беларускае школы ў цэнтры сталіцы.

Адміністрацыя Савецкага раёну, які выславіўся поўнаю адсутнасьцяй набору на беларускамоўнае навучаньне ўсе гады прыўладнасьці спадара Лукашэнкі, на зварот бацькоў аднавіць гэты набор сёлета зрэагавала стрымана-станоўча. Ды параіла йсьці са сваімі заявамі ў 23-ю школу, якая ўсё яшчэ працягвае паводле ранейшых, далукашэнкавых папераў лічыцца беларускамоўнаю. У ліку астатніх 175-ці з такім жа нескасаваным фармальна статусам, як высьветлілі зьдзіўленыя бацькі. Аднак радасьць аказалася заўчаснаю.

23-я школа, і сапраўды, разьмешчаная ў зручным мейсцы – на праспэкце Францыска Скарыны, побач з пляцам Якуба Коласа. Але гутаркі з адміністрацыяй школы прывялі бацькоў да сумнае высновы – школу гэтую кіраўніцтва РАНА прапанавала не выпадкова, а паводле прынцыпу “На табе, Божа, што мне нягожа”.

Разьмешчаная ў цэнтры горада школа аказалася непэрспэктыўнаю. Бацькі прылеглага мікрараёну аддаюць сваіх дзяцей у разьмешчаную недалёка 64-ю з паглыбленым выкладаньнем ангельскае мовы, або ў 19-ю, якая мае матэматычны ўхіл.

З прысутных на сходзе ў 23-й школе бацькоў будучых першаклясьнікаў заявы на навучаньне тут падалі толькі двое і яшчэ восем чалавек абяцалі падумаць. “Калі мы абвесьцім набор у беларускі кляс, мы гэтым адпужнем бацькоў, і ў нас навогул ня будзе першых клясаў”, – сказалі сябрам камітэту ў адміністрацыі. Але, маўляў, калі хочаце, то мы ня супраць. Вось вам сьпіс бацькоў мікрараёну – ідзіце, агітуйце, можа, што і атрымаецца. У гэтым сьпісе, дарэчы, 31 прозьвішча.

Аднак пасьля ўбачанага ды пачутага імпэту агітаваць за беларускамоўнае навучаньне менавіта ў гэтай школе ў сяброў камітэту засталося няшмат. Хоць якую, але па-беларуску, адукацыю сваім дзецям яны не жадаюць.

А ў тых школах, якія даюць вучням высокі ровень ведаў, беларускамоўных выкладчыкаў чамусьці няма. І гэтая акалічнасьць, на думку аднаго з каардынатараў бацькоўскага камітэту Зьміцера Саўкі, можа стаць прычынаю далейшага зьніжэньня колькасьці беларускамоўных першаклясьнікаў. Ня больш за 20 іх будзе ў наступным навучальным годзе – прагназуе спадар Саўка. Нагадаем, што летась іх было ў Менску 34.

Але адмаўляцца ад самое ідэі беларускае школы ў цэнтры сталіцы камітэт намеру ня мае.

Валянціна Аксак, Менск

XS
SM
MD
LG