Надзвычайнае здарэньне ў гішпанскай Барсэлёне перарвала знакамітую творчую
дынастыю Галубкоў-Ціхановічаў. Там пры нявысьветленых абставінах загінуў
праўнук рэпрэсаванага актора, драматурга й мастака Ўладзіслава Галубка
– 24-гадовы мастак Янка Ціхановіч.
Студэнту аддзяленьня жывапісу выпала працягваць дынастыю Галубкоў-Ціхановічаў
і род, які йдзе сваімі каранямі ў глыбіню беларускае гісторыі. Самы знакаміты
з роду, прадзед Янкі, першы Народны артыст Беларусі Ўладзіслаў Галубок
і сёньня застаецца культавай фігураю на творчым Алімпе. Дзед, Яўген Ціхановіч,
старэйшына беларускага жывапісу й вядомы эксьлібрыст, узнагароджаны ордэнам
“Гонар Айчыны”. Для жывапіснага палотнішча “Бітва пад Воршаю” бацькі, Генрыха
Ціхановіча, у Музэі гісторыі ўзьведзены адмысловы стэнд.
Творчасьць Янкі Ціхановіча павінна была стаць лягічным працягам сямейных
традыцыяў. Так усё й пачыналася. У 94-м годзе Янка скончыў беларускую мастацкую
вучэльню імя Глебава, пасьпяхова абараніўшы дыплём на тэму “Карона Вітаўта”.
Тады вядомы мастацтвазнаўца-крытык Сакалоў-Кубай, а таксама мастак Аляксей
Марачкін падкрэсьлілі, што такую тэму мог падняць толькі сьвядомы беларускі
мастак. Тады ж Янка паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе пасьпяхова вучыўся
3 гады. Браў удзел у выставах, якія ладзіліся суполкаю “Пагоня”. Ягоныя
работы адбіраліся для фондаў вучэльні і Акадэміі мастацтваў.
Але ў студзені 98-га Ціхановічу раптоўна выстаўляюць дзьве нездавальняючыя
адзнакі па спэцыяльнасьці. А гэта значыць – аўтаматычна выключаюць з Акадэміі.
У жніўні 98-га, пасьля канфлікту з кіраўніцтвам Акадэміі, ён разумее, што
пэрспэктываў, акрамя службы ў войску, не застаецца, і зьяжджае ў Гішпанію.
З сабою Ціхановіч ня ўзяў нічога, акрамя фотавыяваў уласных працаў апошніх
гадоў. На зьдзіўленьне, яго прынялі вельмі цёпла, і прафэсар Барсэлёнскай
Акадэміі мастацтваў адразу ўзяў яго на трэці курс, адзначыўшы, што паводле
узроўню майстэрства можна было б залічваць і на апошні. Веданьня толькі
ангельскае мовы для Гішпаніі аказалася недастаткова. А адсутнасьць грамадзянства
не дазволіла адразу ж працаўладкавацца рэстаўратарам у адзін са знакамітых
музэяў.
Гаворыць бацька Янкі, вядомы беларускі мастак Генрых Ціхановіч…
(Ціхановіч: ) “У чым я магу сябе абвінаваціць, калі я жыў для гэтага
хлопца, усё для яго рабіў, падтрымліваў маральна, матэрыяльна. Да апошняга
даляру ўсё аддалі на ягоную адукацыю ў Барсэлёне. Яго абвінаваціць я не
магу, бо яго пагубіла хвароба. Але ж нашая родная Акадэмія зрабіла свой
уклад, і шлях на галгофу пачаўся з парога Акадэміі. Пакуль там працаваў
на катэдры Алесь Марачкін, усё было нармальна – былі добрыя адзнакі, добрыя
адносіны, усё ладзілася. І там выкладаў жывапіс маленькі такі, нязначны
мастачок Кірэеў, маючы адукацыю “черчения и рисования сельской школы”.
Дык вось з гэтым Кірэевым у майго хлопца не склаліся неяк адносіны. Таго
раздражняла нават тое, што Янка такі высокі, здаровы прыгажун. І тут яму
сталі заніжаць рэзка адзнакі, і двойку гэты Кірэеў яму ўкаціў – але гэта
яшчэ не сьмяротна. А горш было тады, калі яму тройку па кампазыцыі пераправілі
на рэктарскім праглядзе на двойку. І рэктар Шаранговіч таксама ўзяў на
душу грэх, пацьвердзіўшы гэтую двойку. І гэта ўжо быў шлях у Барсэлёну”.
У лістах, якія ішлі ў Менск да бацькоў, Янка пісаў: “…Гэта ў вачох нашых
выкладчыкаў я – “дрэнны” мастак, а тут, у краіне Далі й Гойі, мяне цэняць”.
У яго было шмат прыватных заказаў на партрэты ды пэйзажы. Менш чым за год
вывучыў гішпанскую мову й моўнага бар’еру больш не йснавала. Справы йшлі
ўгару, і ўжо сёлета ў сакавіку ён рыхтаваўся прыняць удзел у выставе.
Але паказ прыйшлося арганізаваць ужо безь яго. Янку Ціхановіча знайшлі
за 5 кілямэтраў ад Барсэлёны пад аўтамабільным віядукам. Сымбалічна, што
21 сакавіка ён рыхтаваўся атрымаць від на жыхарства ад гішпанскіх уладаў.
Замест гэтага менавіта 21 сакавіка бацькі атрымалі ўрну з прахам сына.
Разам прыйшло мэдычнае заключэньне, дзе засьведчана: у 24-гадовага Янкі
Ціхановіча была пухліна галаўнога мозгу.
Маці Янкі, Лілія Аляксандраўна, выкладчыца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту,
спадзяецца, што некаторыя абставіны могуць высьветліцца пасьля таго, як
з Гішпаніі прыйдуць уласныя рэчы сына – дзёньнікі, архіў, ліставаньне.
Пакуль жа пытаньняў больш, чым адказаў.
Акрамя таго, маці ўскосна абвінавачвае тых выкладчыкаў беларускай Акадэміі
мастацтваў, якія паспрыялі несправядліваму адлічэньню сына. Калі б ён працягваў
вучыцца, пошук варыянтаў на Захадзе быў бы непатрэбны. Але тэндэнцыя такая,
што бальшыня таленавітых людзей, патрыётаў усё часьцей вымушаныя шукаць
прытулак недзе за мяжою.
Цяпер калегі й аднадумцы Янкі Ціхановіча маюць намер зарганізаваць выставу
ягоных твораў у Менску. Чакаюць прыбыцьця ягоных працаў з Барсэлёны. Прынамсі,
гішпанскія сябры Янкі абяцалі пераслаць іх у Менск.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1