Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Летась ворагам прэсы быў названы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма, а ў пазамінулым – прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ці зьмянілася сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі ў лепшы бок, калі Камітэт абароны журналістаў гэтым разам не палічыў беларускага лідэра жорсткім праціўнікам свабоднага слова? Мы зьвязаліся з Камітэтам абароны журналістаў. На сувязі ў Ню-Ёрку – Эма Грэй, каардынатар Камітэту абароны журналістаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і краінах былога СССР…

(Грэй: ) “Ацэнка Лукашэнкі ў гэтай сувязі застаецца жахлівай. Мы ўключылі беларускага прэзыдэнта ў наш сьпіс ворагаў свабоднай прэсы 2 гады таму, каб асьветліць выпадкі рэпрэсіяў супраць незалежнай прэсы, якія, дарэчы, працягваюцца на Беларусі. У мінулым годзе мы яго выключылі са сьпісу, каб вызваліць месца ўкраінскаму прэзыдэнту Кучме. А сёлета ні Кучма, ні Лукашэнка не зьявіліся ў сьпісе, каб вызваліць месца казахскаму прэзыдэнту Нурсултану Назарбаеву.

А прычына такая: штогод ёсьць вельмі шмат кандыдатаў у дзясятку найгоршых ворагаў прэсы. Мы глядзім на тых лідэраў, якія, на наш погляд, асабліва заслужылі вызначэньне парушальнікаў свабоды прэсы. Мы ня можам усіх штогод узгадваць, і сёлета Лукашэнка не патрапіў у сьпіс. Але не таму, што, на наш погляд, ягоная ацэнка паправілася. Яна застаецца такой самай дрэннай, як і была заўсёды, і мы вельмі заклапочаныя сытуацыяй на Беларусі.

Мы не хацелі б, каб Лукашэнка падумаў, што ён ужо ня лічыцца ворагам прэсы, таму што, безумоўна, ён ёсьць ім. У нас проста сёлета не было месца на кожнага парушальніка. Калі прысуджалі б пажыцьцёвае званьне “парушальніка свабоды прэсы”, дык безумоўна Лукашэнка быў бы адзін з ляўрэатаў”.

Зь Ню-Ёрку гаварыла Эма Грэй – каардынатар Камітэту абароны журналістаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і краінаў былога СССР.

І на заканчэньне нашая даведка, зробленая на падставе Мэмарандуму аб крытычнай сытуацыі зь незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі, зробленым БАЖ:

“Кошт паліграфічных паслугаў значна адрозьніваецца для дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў. Апошнія плацяць болей. Са студзеня 2000 году паслугі на дастаўку незалежных выданьняў да падпісчыкаў падаражэлі прыкладна на 500 працэнтаў. Незалежныя газэты змушаныя плаціць у тры разы болей за экспэдыцыю. Субсыдыі дзяржаўным СМІ Беларусі складаюць да 1-го мільёну даляраў ЗША штогод. На недзяржаўныя пасьля шматлікіх фінансавых праверак рэгулярна накладаюцца штрафы. У апошнія гады дзейнічае пастанова Савету Міністраў, якая ўводзіць кантроль за ўвозам і вывазам друкаванай, аўдыё- і відэапрадукцыі, якая можа нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі. У справаздачы місіі АБСЭ ў Беларусі за 1999 года гаворыцца: “Нацыянальная дзяржаўная тэле- і радыёкампанія зьяўляецца амаль манапалістам у асьвятленьні ўнутраных працэсаў і распаўсюджвае толькі пункт гледжаньня прэзыдэнта”.

Гэта былі вытрымкі зь Мэмарандуму аб крытычнай сытуацыі з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі, зробленым Беларускай Асацыяцыяй журналістаў.

Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG