Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вось ужо каторы год у Полацку і Наваполацку не сунімаецца так званая “каляровая ліхаманка” – крадзеж мэталаў з прамысловых і будаўнічых прадпрыемстваў. Апошнім часам яна набыла новую адметнасьць – крадуць сёньня ня толькі з прадпрыемстваў, і ня толькі медзь ды мосянж, як гэта было раней, але й алюміні ды нержавейку.

У Наваполацку асабліва церпяць ад ліхаманкі трубаправоды, што злучаюць буйныя прадпрыемствы гораду – на іх зразаюць лісты алюмініевай абшыўкі. Зразаецца і дрот на лініях электраперадачаў. Так, нядаўна засталасся без правадоў лінія, што сілкуе мясцовы Завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Ну а з самога завода, які, фактычна не працуе, ня так даўно работнікі спрабавалі вывезьці 2,5 тоны нержавейкі, але былі затрыманыя.

Лютуюць ліхаманцы і ў суседніх рэгіёнах. У Мёрскім раёне яны зьнялі дрот на лініі, якая сілкуе калгас імя Цітова, пакінуўшы без электрычнасьці чатыры вёскі і калгасны млын. Зрэзаны быў дрот і на лініі ад падстанцыі Цімашкова да вёскі Туркова. Той жа лёс напаткаў і ЛЭП, што сілкуе вёску Гір’яны. У Дрысенскім раёне злодзеі зрэзалі 1 кілямэтар дроту на лініі каля вёскі Букі, а таксама зьдзерлі 60 алюмініевых лістоў з даху стадыёна ў самім райцэнтры.

Людзі гінуць за мэтал, прычым, у літаральным сэнсе гэтага слова. Скажам, на Асьвейскім торфа-брыкетным заводзе адзін работнік разьбіраў электрарухавік, каб скрасьці мядзяны ротар, ды быў забіты электратокам.

Ну і, нарэшце, згадаем яшчэ пра адну ганебную зьяву, наўпрост зьвязаную з каляровай ліхаманкай – рабаваньне і зьнішчэньне надмагільных помнікаў. Днямі лідэр Савабоднага прафсаюзу Полацкага заводу “Праммашрамонт” Алег Бязношчанка прыйшоў на магілы сваіх родных і зьніякавеў – тры зробленыя зь нержавейкі магільныя помнікі былі скрадзеныя, а надмагільлі ўшчэнт разьбітыя.
Калегі спадара Бязношчанкі ўбачылі тут палітычны падтэкст, але сам ён лічыць гэта справай рук усё тых жа ліхаманцаў.

Падобныя зьявы гавораць самі за сябе і робяць непатрэбнымі нейкія рэзюмэ і камэнтары.

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

XS
SM
MD
LG