Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Ленінскім раённым судзе Менску разглядалася адміністрацыйная справа намесьніка старшыні Беларускага Народнага Фронту Юрыя Хадыкі, узбуджаная Ленінскім РАУСам за ўдзел у апазыцыйнай акцыі “Разьвітаньне з прэзыдэнтам” летась 21 ліпеня.

Сёньня ў будынку аддзелу міліцыі Ленінскага РАУСу на вуліцы Карла Маркса судзьдзя ў адміністрацыйных справах спадарыня Церашкова высьвятляла акалічнасьці адміністрацыйнае справы Юрыя Хадыкі.

Сам заступнік старшыні БНФ суду патлумачыў, што 21 ліпеня ён знаходзіўся разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі на Кастрычніцкім пляцы, сьпяваў там песьні. Потым скіраваўся на вуліцу Карла Маркса да будынку філялягічнага факультэту БДУ, дзе ў той дзень праходзіла паседжаньне Вярхоўнага Савету, каб падтрымаць дэпутатаў. Гэта ж пацьвердзіла й сьведка Ларыса Ляпарская.

Цікавыя паказаньні далі сьведкі з боку міліцыі Грыцэвіч і Палуяновіч. Грыцэвіч паведаміў, што нічога не памятае з тых падзеяў, але пасьля таго, як прачытаў свой рапарт у справе, раптам узгадаў, што Хадыка крычаў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі, але зьмест лёзунгаў паўтарыць ня здолеў. Маёр Палуяновіч прызнаў, што адміністрацыйны пратакол на Юрыя Хадыку быў складзены толькі 29 ліпеня. А позву ў міліцыю ён сам намагаўся ўручыць Хадыку толькі 3 верасьня, пад час правядзеньня пікету, на якім прысутнічаў спадар Хадыка.

Такім чынам, стала зразумела, што пратакол быў складзены з грубымі парушэньнямі нормаў Адміністрацыйнага кодэксу й фактычна зьяўляецца падробкаю.

Заступнік старшыні БНФ Юры Хадыка так пракамэнтаваў гэтае судовае паседжаньне:

(Хадыка: ) “Апошнія судовыя працэсы па палітычных справах усё больш нам нагадваюць фарс. Справа ня толькі ў тым, што судзьдзі робяць выгляд, што яны разглядаюць сур’ёзную справу аб нейкім парушэньні, але і ў тым, што міліцыя ўсё больш безадказна ставіцца да сваіх сьведчаньняў – пішуцца хлусьлівыя паказаньні, сьцьвярджаюцца абсалютна неверагодныя рэчы. Гэтае, скажам так, абсалютнае абніжэньне стаўленьня да працэсаў, мне задецца, сьведчыць аб стомленасьці, якую адчуваюць усе ад палітыкі Лукашэнкі, якая скіраваная на падаўленьне палітычнай актыўнасьці грамадзтва.

І вось той працэс, які зараз адбываецца нада мною, гэтаму яскравае сьведчаньне. Ён ужо двойчы пераносіўся, не кажучы ўжо пра тое, што гэта перасуд пасьля таго, як мне было завочна, без маёй прысутнасьці вынесеная пастанова на падставе таго пратакола, які я не падпісваў, і міліцыянт, які сёньня сьведчыў, скажам так, супраць мяне, разам з тым спакойна паведаміў, што ён, фактычна, сфальсыфікаваў гэты пратакол”.

Судзьдзя Церашкова вымушаная была спыніць судовае паседжаньне, каб прагледзець апэратыўную відэастужку з падзеяў 21 ліпеня. Працяг суду заплянаваны на 11 траўня.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG