Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сеньня мы працягваем знаёміць Вас з вынікамі апошняга, красавіцкага сацыялягічнага апытаньня Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Палітычную сытуацыю ў Беларусі вельмі яскрава ілюструюць адказы на пытаньні, што рэгулюе жыцце ў краіне, і хто ў ёй прымае законы. Амаль палова – 49% рэспандэнтаў – адказалі, што беларускае грамадзкае жыцьцё рэгулюецца дэкрэтамі і ўказамі кіраўніка дзяржавы, толькі 18 % назвалі такім рэгулятарам Канстытуцыю, і толькі 14% - законы краіны. Ну а думкі, што жыцьцё на Беларусі регулюецца міжнароднымі актамі кшталту Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, прытрымліваюцца менш адсотка апытаных.

Яшчэ больш цікавая карціна атрымліваецца пры аналізе адказаў на пытаньне, хто на Беларусі прымае законы. Дзьве траціны апытаных упэўненыя, што Лукашэнка, 23% назвалі ўрад, толькі кожны дзесяты ў якасьці заканадаўчае ўстановы назваў “Нацыянальны Сход”, а 12% апытаных ўпэўненыя, што законы ў Беларусі, як і раней, прымае Вярхоўны Савет.

Гэтая ўсеагульная ўпэўненасьць ў тым, што Лукашэнка вырашае ўсё і ўся, вельмі паказальная. Здаецца, нават ягоныя прыхільнікі пачынаюць разумець, што такая неабмежаваная ўлада адной асобы – справа ня вельмі добрая. Пад час апытаньня 49% рэспандэнтаў адказалі, што аддаюць перавагу падзелу ўлады на выканаўчую, заканадаўчую і судовую, як гэта прадугледжанае Канстытуцыяй 1994 году, і толькі 14% выказаліся за канцэнтрацыю ўлады ў руках прэзідэнта, што запісана ў лукашэнкавай Канстытуцыі.

Так што свой выбар, зроблены на рэферендуме 1996 года, калі ён сапраўды быў зроблены, людзі пачынаюць пераглядаць. На карысьць таго, што, магчыма, выбар ў 1996 годзе адрозьніваўся ад афіцыйна аб’яўленых вынікаў, сьведчаць адказы рэспандэнтаў на пытаньні пра іх стаўленьне да абраньня мясцовых кіраўнікоў насельніцтвам адпаведных тэрыторыяў і да фінансаваньня ўсіх галінаў ўлады толькі з дзяржбюджэту. Менавіта гэтыя пытаньні былі ўключаныя па прапанове Вярхоўнага Савету ў бюлетэні рэфэрендуму 1996 года. Поводле дадзеных Центрвыбаркаму беларусы тады на дзіва ўсяму сьвету адмовіліся і ад абраньня мясцовых кіраўнікоў, і ад таго, каб ўлада фінансавалася зь бюджэту, а ня зь нейкіх патаемных фондаў. Зараз сацыёлягі задалі рэспандэнтам тыя ж пытаньні. І вось вынікі: за абраньне мясцовых кіраўнікоў – 78%, супраць – 5%, за галоснае фінансаваньне ўлады зь бюджэту – 64 %, супраць – 6%.

Дарэчы, давер да мясцовых ворганаў ўлады выказалі толькі 17 % апытаных, амаль палова – 47% заявілі, што не давяраюць “вэртыкалі”. Давер да вышэйшае ўлады яшчэ захоўваецца, але нават самых адданых прыхільнікаў Лукашэнкі ўсё цяжэй пераканаць ў тым, што прызначаная Лукашэнкам “вэртыкаль”, зь якой людзі сустракаюцца кожны дзень, дбае пра іх інтарэсы.

Пра тое, што адзінаасобная ўлада выклікае ўсё больш незадавальненьня, сьведчаць і адказы людзей на пытаньне аб іх стаўленьні да перамоваў ўлады і апазыцыі. 51% апытаных лічаць, што перамовы неабходныя, толькі праз іх можна прйсьці да згоды і ўліку розных інтарэсаў ў грамадзтве. І толькі 8 % выказалі меркаваньне, што з апазыцыяй ніякіх перамоваў весьці ня варта, бо яна нікога не прадстаўляе.

Відаць, улічваючы прыхільнасьць людзей да ідэі перамоваў, ўлады спрабуюць здыскрэдытаваць гэтую ідэю, падмяняючы яе незразумелым шырокім дыялёгам. Але і тут значная частка апытаных дэманструе нежаданьне, каб гэты дыялёг быў “гульнёй ў адны вароты”. 31% рэспандэнтаў адзначылі, што патрэбныя менавіта перамовы ўлады з апазыцыяй, прычым дасягнутыя дамовы павінны быць абавязковыя для абодвух бакоў. Чвэрць апытаных выказалася за ўсеагульны дыялёг, ў якім канчатковае рашэньне заставалася б за ўладаю, і кожны дзясяты лічыць, што ўлада павінна вызначаць ўмовы парлямэнцкіх выбараў без перамоваў і дыялёгу.

Зразумела, казаць пра тое, што ўсё беларускае грамадзтва патрабуе пераменаў, было б заўчасна. Але з дадзеных апытаньня вынікае, што значную частку грамадзтва ўжо не задавальняе стан неразумных дзетак пры суворым “бацьку нацыі”.

Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG