Першатравеньскія маёўкі ладзіліся прадстаўнікамі апазыцыйных
партыяў і рухаў, а таксама – вольных прафэсійных саюзаў і ў асобных рэгіёнах
Менскае вобласьці.
Сёньня ўраніцу некалькі дзясяткаў чалавек зь ліку сяброў жодзінскіх
філіяў Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ і Свабоднага прафэсійнага
саюзу Беларускага сабраліся на вялікай паляне ў лесе за горадам.
Між дзьвюх сосен прыладзілі бел-чырвона-белы сьцяг. Затым хвілінаю маўчаньня
ўшанавалі памяць тых нацыянальных адраджэнцаў, якія памерлі або загінулі
пад час барацьбы за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. Пасьля гэтага
распачалася нязмушаная размова пра нялёгкае сацыяльнае становішча жодзінцаў.
Першай гаварыла намесьніца старшыні філіі Кансэрватыўна-хрысьціянскае
партыі БНФ, супрацоўніца Наукова-дасьледнага інстытуту земляробства й кармоў
Іраіда Міско:
“Сёлета ўпершыню ў горадзе афіцыйныя ўлады не сьвяткуюць 1 мая. Па-першае,
таму, што сёньня людзі ўсе паехалі-пайшлі на свае агароды. Зарганізаваць
першамайскае сьвяткаваньне, улады зразумелі, проста ня змогуць. Ну ня хочуць
лішні раз улады атрымоўваць непрыемнасьці, аплявуху публічную. Таму што
людзі зараз ня маюць такога страху: сацыяльнае становішча вельмі цяжкое.
Трошкі лепш у рабочых БелАЗу.
Але ж у горадзе 9 школаў, два НДІ – жывёлагадоўлі й земляробства… Гэта
ніжэй усялякае сацыяльнае мяжы. Аграном у НДІ – у яго заробак 12 мільёнаў.
Навогул, гэта немагчыма… Якая навука можа быць, калі людзі думаюць, як
зьвесьці канцы з канцамі”, – зрабіла выснову Іраіда Міско, кандыдат сельскагаспадарчых
навук, актывістка КХП-БНФ.
На маёўцы распавядалася, як напярэдадні Вялікадня ў сям’ю жодзінца,
сябры Свабоднага прафэсійнага саюзу Анатоля Рабкаўца наведаліся судовыя
выканаўцы й папярэдзілі, што апішуць ягоную хатнюю маёмасьць, калі ён ня
выплаціць штраф – 20 мінімалак – паводле выраку Савецкага раённага суду
сталіцы. За ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка ў Менску. А ў гэтага ж чалавека
– трое дзяцей. Такія самыя захады будуць прынятыя і да аднадумца Анатоля
Рабкаўца – Зьміцера Гуніча.
Гаворыць Зьміцер Гуніч:
“Мы падалі скаргу ў гарадзкі суд і чакаем. На працягу месяца павінна
вырашыцца гэтае пытаньне. Але мы на гэтым не спыняемся. І я з усёй адказнасьцю
заяўляю, што будуць прынятыя ўсе захады, аж да галадоўкі, калі гарадзкі
суд адмовіць”.
Удзельнікі маёўкі падтрымалі Анатоля Рабкаўца й Зьміцера Гуніча і прынялі
рашэньне: у выпадку канфіскацыі іхнае маёмасьці правесьці адмысловую акцыю
пратэсту.
На маёўцы сьпявалі беларускія песьні, чыталі вершы.
Сёньня ж падобную загараднюю маёўку правялі й сябры філіі БСДП “Народная
Грамада” з Маладэчна. Удзел у акцыі ўзялі таксама мясцовыя “народнафронтаўцы”
і актывісты ТБМ.
Алесь Мікалайчанка, Жодзіна
Самае папулярнае
1