Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Скандальным быў сёньняшні сход акцыянэраў “Беларусьбанку”. Частка акцыянэраў запатрабавала ад кіраўніцтва радыкальнага перагляду банкаўскае палітыкі.

Справаздачу перад акцыянэрамі трымала старшыня праўленьня “Беларусьбанку” Надзея Ермакова. Яна паведаміла, што банк разьвіваецца дынамічна і мэтанакіравана, пасьпяхова прыцягвае фінансавыя рэсурсы, якія спраўна працуюць на эканоміку краіны. У параўнаньні з папярэднімі гадамі летась, як паведаміла Ермакова, значна палепшылася крэдытная палітыка. Выконваючы заданьне Аляксандра Лукашэнкі і Ўраду, банк актыўна крэдытуе дзяржаўныя праграмы – найперш жыльлёвую і аграрную.

Вось і зараз, прагучала ў справаздачы, Урад распарадзіўся выдзеліць “Беларусьбанку” 10 мільярдаў рублёў на пасяўную кампанію. Яшчэ 30 мільярдаў банку трэба будзе накіраваць на жыльлёвае будаўніцтва па ільготных стаўках. Ермакова зазначыла, што такая палітыка ўхваляецца кіраўніцтвам краіны і таму будзе прадоўжаная і сёлета.

Відавочна, старшыня праўленьня спадзявалася, што такія дзеяньні яе каманды будуць гэтак жа ўхваленыя і акцыянэрамі “Беларусьбанку”. Але абмеркаванне пайшло па іншым сцэнары.

Акцыянэры зь ліку фізычных асобаў асудзілі “дабрачыннасьць” “Беларусьбанку”. Рэч у тым, што банк сёлета вырашыў ня выплочваць ім дывідэнты. Гэта справакавала абурэньне тых, хто ў свой час ствараў банкаўскую ўстанову на ўласныя грошы.

У прыватнасьці, акцыянэр Скварцоў з Віцебску паведаміў, што за акцыі “Беларусьбанку” пад час заснаваньня ён заплаціў 4000 даляраў. Сёньня гэтыя акцыі, сказаў Скварцоў, па віне кіраўніцтва банку абясцэніліся ў 45 разоў. “І зараз банк хоча купіць іх ўсяго за 90 даляраў,” – абураўся віцебскі акцыянэр.

Гэткую ж адмоўную рэакцыю праца банкіркі Ермаковай выклікала і з боку акцыянэра Тадэева. Хаця ягоныя страты і меншыя – ён купіў акцыяў “Беларусьбанку” ўсяго на паўтары сотні даляраў. Пазыцыя абураных акцыянэраў: “дабрачыннасьць” банку не павінна ажыцьцяўляцца за іх кошт.

Спадарыня Ермакова заявіла ў адказ, што “Беларусьбанк” мае зараз малыя прыбыткі з прычыны памылковых дзеяньняў ранейшых кіраўнікоў – кіраўнікоў Ашчаднага банку і камэрцыйнага “Беларусьбанку”, аб’яднаньне якіх ў 1995 годзе і дало жыццё цяперашняй установе.

Так дыскусіі на сёньняшнім сходзе скіраваліся ў бок абмеркаваньня аб’яданьня: правільна гэта было ці не. Як вядома, супраць гэтага ў свой час выступіў былы старшыня Ашчаднага банку Ўладзімер Хілько. Больш таго, менавіта за гэта Хілько, паводле яго словаў, шмат месяцаў правёў у зьняволеньні. Вось ягоны камэнтар наконт справаў у “Беларусьбанку”:

(Хілько: ) “Практычна, тады ў гэтым набходнасьці не было, і калі б Ашчадны Банк захаваўся ў сваім амплуа, як ва ўсім сьвеце, дзе спэцыфічныя ашчадныя банкі займаюцца выключна абслугоўваньнем насельніцтва, было б значна лепш. У мяне няма магчымасьці сказаць нешта пэўнае пра цяперашні стан крэдытнага партфэлю “Беларусьбанка”, бо ў друку пра яго паведамляецца зусім ня тое, што ёсьць на самой справе.

Тым ня менш, відавочна, не ад добрага жыцьця далі дазвол у свой час гэтаму аб’яднанаму банку працаваць без захаваньня банкаўскіх нарматываў. У прыватнасьці, дазволілі не ствараць банкаўскія рэзэрвы. Такая вось практыка працягваецца і зараз. Па сутнасьці, з моманту аб’яднаньня і да сёньняшняга дня гэты банк падтрымліваецца рэсурсамі Нацыянальнага банку,”

- адзначыў Уладзімір Хілько.

Міхал Стэльмах, Менск

XS
SM
MD
LG