Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 30 сакавіка)
Сёньня Радыё Свабода ў Празе адведала група сябраў Маладога Фронту і Грамадзянскага Форуму, якія знаходзяцца ў Чэхіі на запрашэньне чэскіх Маладых кансэрватараў. Зь Ліндай Бартонічкавай, сакратаром у міжнародных справах Маладых кансэрватараў, гутарыў Аляксандар Лукашук

Калі б гэтае інтэрвію не пісалася на кампутары, я б пісаў яго асадкай, якую мне падарыла чэская арганізацыя Маладыя кансэрватары. На асадца надрукавваны заклік: Free Belarus Campaign Вызваліць Беларусь – з ангельскай гэтую фразу можна яшчэ перакласьці як кампанія за Вольную Беларусь. І сам працэс, і мэта супадаюць з інтарэсамі чэскай арганізацыі Маладыя кансэрватары – чаму? Адказвае Лінда Бартонічкова:

(Бартонічкова: ) “Маладыя кансэрватары аб’ядноўваюць моладзь на глебе цікавасьці да эканамічных і палітычных законаў ня толькі ў Чэхіі, але і ў Эўропе і сьвеце. Наша зацікаўленьне Беларусяй пачалося год таму, калі мы далучыліся да кампаніі “За Вольную Беларусь”. Кампанія пачалася ў асяродку эўрапейкіх маладых кансэрватараў, да якіх належаць і беларускія Малады Фронт і Грамадзянскі форум. Пад час гэтай кампаніі мы імкнемся як найбольш атрымаць інфармацыі як зь Беларусі, гэтак паслаць і ў саму Беларусь.

Госьці з Беларусі ў нас не ўпершыню. Мы прымалі першую групу летась. І тады, і цяпер, мы знаёмілі маладых беларусаў з ходам чэскіх рэформаў, каб яны маглі уведаць, што выйшла добра, а што не. Сёлета мы спадзяемся запрасіць беларускіх кансэрватараў яшчэ раз увосень,
на выбары ў сэнат. Думаем таксама запрасіць маладых кансэрватараў з Ураіны і Югаславіі. Яны прыедуць на тыдзень і змогуць актыўна паназіраць за выбарамі кандыдатаў у сэнат”.

(Лукашук: ) “Што ўваходзіць у праграму побыту, якія пытаньні цікавілі маладых беларускіх палітыкаў больш за ўсё?”

(Бартонічкова: ) “Больш за ўсё іх цікавіла, як працуе чэская ўлада, яе мэханізм. Яны мелі шмат часу на сустрэчы з сэнатарамі, дэпутатамі парлямэнту. Іх цікавілі пытаньні ўзаемаадносінаў Чэхіі і Беларусі і магчымасьць зьменаў палітыкі Чэхіі адносна Беларусі, што можа Чэхія зрабіць дзеля таго, каб у Беларусь вярнулася дэмакратыя”.

(Лукашук: ) “Чым, на думку Лінды Бартонічковай, адрозьніваюцца маладыя беларускія кансэрватары ад чэскіх?”

(Бартонічкова: ) “Мы ўсе славяне, але мэнтальнасьць і культура розныя. Але пытаньне ня толькі ў нацыянальнай рознасьці, але і пытаньне рэжыму, пры якім вы жывяце. У нас ёсьць свабода слова, мы можам рабіць што заўгодна. У нас іншае стаўленьне да эканомікі, палітыкі. Па-мойму, беларусы яшчэ баяцца. Яны баяцца нечага. Быццам нехта сочыць за імі, нават за мяжой… У іх праблемы – выключаюць з унівэрсытэтаў, іх се’ям пагражаюць. Мы б хацелі больш супрацоўнічаць, каб разам ісьці да сваёй мэты, і каб беларускія арганізацыі супрацоўнічалі, а не ваявалі адна з адной”.

Зь Ліндай Бартонічковай, сакратаром у міжнародных справах чэскай арганізацыі Маладыя кансэрватары, гутарыў

Аляксандар Лукашук

XS
SM
MD
LG