Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 29 сакавіка)
Сёньня ў Віцебску судзілі яшчэ аднаго пасьлядоўніка Аляксея Шыдлоўскага. 17-гадовы Юрась Землякоў абвінавачваецца за дробнае хуліганства. Яму прыпісваюцца некаторыя лёзунгі, што зьявіліся на сьценах Віцебску.

Сам Юрась нязгодны з такім абвінавачаньнем, у якім літаральна гаворыцца (цытую) “Нецэнзурная, брыдкая лаянка ў грамадзкіх месцах, зьневажальнае чапляньне да грамадзянаў ды іншыя гэткія ж дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў”.

Ён ня лаяўся, не парушаў спакою ці парадку, ён намаляваў на вялікім цагляным плоце Алейна-Экстракцыйнага заводу бел-чырвона-белыя сьцягі і напісаў лёзунгі “Аб’яднаньне з Расеяй – гэта сьмерць нам”, “Лука – расейскі найміт”, “Лука выпіў увесь алей”.

Як патлумачыў юнак, ён ня згодны з тым, каб Беларусь зноўку пачала называцца “Северо-Западным краем”, а беларусы зьніклі як народ; што Лукашэнка больш турбуецца пра суседнюю дзяржаву, чым сваю.

Трэці надпіс – на першы погляд цалкам бязглузды, але гэткая бязглузіца прыцягвае ўвагу людзей і вымушае іх думаць, лічыць Юрась.

Землякоў разм зь яшчэ адным хлопцам былі затрыманыя асобамі, якія пад’ехалі да іх на іншамарцы са звычайнымі нумарамі, прычым адзін зь іх быў у цывільным. Ніякіх пасьведчаньняў яны не паказвалі, прозьвішчаў не называлі. Падобна, што такія паводзіны ворганаў правапарадку становяцца ў Віцебску звычайнымі.

На допыце Юрась паказаў, што графіці рабіў толькі ён адзін. Дарэчы, калі прайсьці па горадзе, то ўсялякія надпісы ўбачыш амаль паўсюдна.
Раней замазваліся ўсе, дзе сустракаліся словы “Лукашэнка” ці “Лука”. Зараз яны красуюцца побач з расейскімі мацюкамі нават у ліфтах.

А суд сёньня не адбыўся. На патрабаваньне прысутных з гурта падтрымкі судзьдзя вымушаная была яго перанесьці, бо не знайшлося памяшканьня, ў якім мелі б магчымасьць зьмясьціцца ўсе. Паседжаньне пройдзе 11 красавіка, за тыдзень да сканчэньня тэрміну разгляду справы.

Алег Жукоўскі, Віцебск

XS
SM
MD
LG