Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня Сусьветная Асацыяцыя Прэсы і Сусьветны Рэдактарскі Форум (WAN end WEF), якія базуюцца ў Парыжы, выказалі пратэст з нагоды арышту 35 журналістаў у Беларусі пад час сьвяткаваньня 25 сакавіка. Падаем тэкст пратэсту.

Сусьветная Асацыяцыя Прэсы і Сусьветны Рэдактарскі Форум пратэстуюць супраць арышту 35-ці журналістаў у Беларусі і заклікаюць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку гарантаваць выкананьне ў Беларусі яе міжнародных абавязальніцтваў у галіне свабоды слова.

Арышты, якія мелі месца ў мінулыя выхадныя пад час забароненай антыўрадавай дэманстрацыі, парушаюць і беларускае заканадаўства, і міжнародныя канвэнцыі.

У адпаведнасьці з беларускім законам аб друку “журналісты маюць права прысутнічаць на мітынгах і дэманстрацыях або іншых важных падзеях і, адпаведна, паведамляць інфармацыю пра іх”. Беларусь таксама падпісала Міжнародную Дэклярацыю Правоў Чалавека, якая гарантуе права на свабоду слова.

25 сакавіка спэцыяльныя падразьдзяленьні міліцыі затрымалі 35 беларускіх і замежных журналістаў, якія асьвятлялі апазыцыйную дэманстрацыю ў Менску. Паводле паведамленьняў, міліцыя пашкодзіла тэлекамэры і зьнішчала стужкі, зьнятыя рэпартэрамі. Ніхто з арыштаваных журналістаў не атрымаў тлумачэньня гэтых захадаў міліцыі. Некаторыя зь іх былі незаконна абшуканыя, і ім не было дазволена скантактавацца са сваімі офісамі або блізкімі, каб паінфармаваць, што зь імі сталася. Большасьць затрыманых былі зьмешчаныя па-за Менскам, аднаго зь іх выпусьцілі толькі пасьля прыбыцьця прэсавага сакратара МУС палкоўніка Дзьмітрыя Партона.

Арышты, у тым ліку і сотняў дэманстрантаў, сустрэлі шырокі міжнародны пратэст і асуджэньне. Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе назвала акцыю міліцыі “неапраўданай і празьмернай”.

Сусьветная Асацыяцыя Прэсы і Сусьветны Рэдактарскі Форум заклікаюць да правядзеньня расьсьледаваньня ў гэтай справе і заклікаюць Аляксандра Лукашэнку пакараць вінаватых. Мы таксама настойваем на тым, каб у будучым Беларусь выконвала свае абавязальніцтвы ў галіне свабоды слова.

Сусьветная Асацыяцыя Прэсы абараняе і пашырае свабоду слова па ўсім сьвеце. Яе сябрамі зьяўляюцца СМІ з 93-х краін сьвету, а таксама 17 агенцтваў і 7 рэгіянальных прэсавых аб’яднаньняў. Сусьветны Рэдактарскі Форум зьяўляецца адгалінаваньнем Асацыяцыі і гуртуе галоўных рэдактараў выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG