Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У мястэчку Старыя Дарогі Менскае вобласьці вырашаўся лёс сумеснага беларуска-брытанскага прадпрыемства “Белбрыт”. Улады вырашылі зьнішчыць фірму, каб завалодаць ейнай маёмасьцю.

У Старых Дарогах сёньня праходзіў сход акцыянэраў адкрытага акцыянэрнага таварыства “Старадароскі масларобны завод”. На парадак дня было вынесенае пытаньне “Аб выхадзе прадпрыемства з ліку заснавальнікаў сумеснага беларуска-брытанскага прадпрыемства “Белбрыт”.

“Белбрыт” летась было прызнана лепшым камэрцыйным прадпрыемствам у Менскай вобласьці. Яно разьмешчана тут жа ў Старых Дарогах і займаецца перапрацоўкаю – у прыватнасьці, вырабляе з абястлушчанага малака тэхнічны казеін і мяккае марозіва. У Старых Дарогах ды Узьдзе заможная фірма мае гандлёвыя комплексы дзеля рэалізацыі сваёй прадукцыі.

Гісторыя “Белбрыт” бярэ пачатак у 1992 годзе. На беларускім рынку тады зьявілася брытанская кампанія “Форвэкс Трэдзінг энд Індастрыес”. Тут яна заснавала сумеснае прадпрыемства, унёсшы ў статутны фонд 196 тысячаў даляраў прамых інвэстыцыяў. Так яе партнэрам у бізнэсу зрабілася акцыянэрнае прадпрыемства “Старадароскі масларобны завод”.

“Белбрыт” выплочваў к мясцовы бюджэт Старадароскага раёну трэцюю частку ўсіх падаткаў. У масларобны завод фірма ўклала летась 185 тысячаў даляраў інвэстыцыяў. Як ня дзіўна, але менавіта багацьце сумеснага прадпрыемства й сталася прычынаю нечаканага павароту ў ягоным лёсе.

Старшыня Старадароскага раённага выканаўчага камітэту Пархімовіч і генэральны дырэктар Менскага дзяржаўнага аб’яднаньня “Мяса-малако” Дужык выступілі зь ініцыятываю зьліквідаваць камэрцыйную структуру з замежнымі інвэстыцыямі. Аргумэнт быў адзін: навошта дазваляць іншаземцам зарабляць грошы ў Беларусі, калі гэта можна рабіць самім…

Спадары Пархімовіч і Дужык гэткім чынам адгукнуўліся на заклік Аляксандра Лукашэнкі, які загадаў свайму атачэньню вынішчыць пасярэднікаў. У студзені чыноўнікі забавязалі дырэктара Старадароскага масларобнага заводу спыніць на “Белбрыт” пастаўкі сыравіны. Затым імі быў аддадзены загад гвалтам “захапіць” казеінавы цэх беларуска-брытанскае фірмы. І вось зараз атачэньне Лукашэнкі распачало працэс яе зьнішчэньня як юрыдычнай асобы.

Паводле іхных плянаў, дзеля гэтага заводу як аднаму з заснавальнікаў фірмы варта спыніць у ёй партнэрства. Вось чаму пад ціскам чыноўнікаў і быў сёньня ў Старых Дарогах скліканы сход акцыянэраў масларобнага заводу.

Паводле інфармацыі прадстаўнікоў сумеснага прадпрыемства, напярэдадні гэтага сходу старадароскае начальства запужала акцыянэраў, сярод якіх шмат кіраўнікоў. Маўляў, калі не прагаласуюць за зьнішчэнне “Белбрыту”, то на іхнае службовае кар’еры будзе пастаўлены крыж.

Шантаж меў плён. Вось што паведаміла нашаму радыё па тэлефоне са Старых Дарог кіраўнік беларуска-брытанскага прадпрыемства Лідзія Даніловіч: “Усе акцыянэры былі сабраныя ў кабінэце дырэктара. Яны атрымалі ўстаноўку галасаваць за ліквідацыю дамовы аб утварэньні фірмы з замежнымі інвэстыцыямі. Галасаваць пад пагрозаю сьмерці. Там аніякага дабрахвотнага голасу не было”, – паведаміла спадарыня Даніловіч.

Як вынікае зь ейных словаў, у Старых Дарогах сёньня вырашылі, што Беларусі не патрэбныя замежныя інвэстыцыі. Маўляў, пражывем і бязь іх.

Міхал Стэльмак, Менск

P.S.: Вось такая драматычная гісторыя аднаго з прадпрыемстваў з замежнымі інвэстыцыямі, якое зьнішчаецца зараз у Беларусі.

Нашая даведка.

На сёньняшні дзень у Беларусі зарэгістравана каля 1500 сумесных і 900 замежных прадпрыемстваў. Доля замежных інвэстараў у іх статутных фондах складае прыблізна 250 мільёнаў даляраў. У параўнаньні зь іншымі краінамі, Беларусь у гэтым паказьніку знаходзіцца ў ліку бясспрэчных аўтсайдэраў.

Інвэстыцыі 68 краінаў пакуль што яшчэ працуюць на айчынную эканоміку. У чацьвёрцы лідэраў паводле памераў інвэстыцыйнага капіталу ў сумесных і замежных прадпрыемствах – Нідэрлянды, Нямеччына, ЗША і Польшча.

Але засмучае тэндэнцыя – у 1996 годзе ў Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, было зарэгістравана 2870 прадпрыемстваў з замежнымі інвэстыцыямі. Такім чынам, назіраецца іх відавочнае скарачэньне, тлумачэньне якому можа быць толькі адное – у краіне неспрыяльны спраўны клімат для замежных інвэстараў. І старадароская гісторыя з сумесным беларуска-брытанскім прадпрыемствам – таму пацьверджаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG