Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пра тое, у якім стане апынулася сёньня бальшыня беларускіх калгасаў, сьведчыць сытуацыя, што склалася ў калгасе “Лань” Нясьвіскага раёну. Гэты калгас можа разваліцца толькі з-за таго, што ягоны вэтэрынар трапіў у аўтамабільную аварыю.

Так, насамрэч, калгас “Лань” сёлета можа зьнікнуць з мапы Нясвіскага раёну. А ўсё – праз аварыю, якая здарылася год таму на дарозе Менск – Клецк.

Зімовым надвячаркам конь, запрэжаны ў вазок, вывез свайго п’янаватага кіроўцу, калгаснага вэтэрынара, на паласу стрэчнага руху. Яшчэ праз колькі хвілінаў у вазок урэзаўся прыватны “Форд-Сіера”, якім кіраваў абсалютна цьвярозы спадар Раеўскі, жыхар сталіцы.

Людзі засталіся цэлыя. Конь загінуў. Легкавік атрымаў пашкоджаньні. Аўтаінспэкцыя прызнала вінаватым калгаснага спэцыяліста. Але, паколькі вэтэрынар ня меў ані грошай, ані прыватнае ўласнасьці, каб матэрыяльна адказаць за свой учынак, то, паводле заканадаўства, Нясьвіскі суд прыцягнуў да адказнасьці кіраўніцтва “Лані”. Бо выпадак надарыўся, па-першае, цягам працоўнага дня, а па-другое, фурманка належала калгасу, а фурман быў пры выкананьні службовых абавязкаў.

Летась 30 лістапада раённы суд прысудзіў калгасу выплаціць уладальніку легкавіка суму, адэкватную 6 тысячам далярам. Неўзабаве абласны суд пацьвердзіў гэтае рашэньне. Але гэта сума сталася неадольнай для калгасу й паставіла гаспадарку на мяжу банкруцтва.

Гаворыць Тамара Касьпер, старшыня Ланскага сельскага выканаўчага камітэту:

“Для нас гэта незразумелая сума, таму што мы такой сумы ніхто ніколі ня бачыў. …Канешне, палажыць на плечы гэтаму калхозьніку, калі во яшчэ зарплаты не палучалі людзі за студзень-люты месяцы, а калхозьнік ня мае грошай, каб веласіпед купіць. Тут клопаты калхозьнікаў можна зразумець”.

Сьведчыць Міхал Ігнатовіч, галоўны інжынэр КСП “Лань”:

“Тая сума, каторая сёньня вырысавалася па поваду гэтай аварыі, непрыемліма для калхозу. Плаціць такія грошы, кагда іх не хапае на запчасьці пры падгатоўцы да пасяўной, каждую капейку шчытаем на топліва… 6 мільярдаў – шчытаецца заработная плата нашых калхозьнікаў”.

29 лютага Нясьвіскі раённы суд склаў акт вопісу на арышт той прадукцыі, выручка ад продажу якой павінна пайсьці на карысьць спадара Раеўскага. Такім таварам сталася малако. Як удакладніў старшыня калгасу Генадзь Салавей, для канчатковага разьліку трэба тэрмінова здаць на гарадзкі малочны завод 100 тонаў малака. Ня хочаш мець справу з малаком – прадавай мяса, або трактар. А каб падаць справу на новы разгляд, няма грошай на вялізарныя судовыя выдаткі. У гаспадарцы нават няма за што наняць юрыста.

Праўда, зусім нядаўна, ратуючы калгас, у справу ўмяшаўся пракурор Менскае вобласьці спадар Сіраж. Ён вырашыў яшчэ раз спраўдзіць усе нюансы гэтае справы, а на гэты час “замарозіў” выкананьне пастановы раённага суду.

Цікава,што шэраговыя калгасьнікі размаўляць са мною забаяліся, хаця й перажывалі за ўласныя заробкі, якія ў “Лані” вагаюцца ад 20 да 30 тысячаў рублёў за месяц. Затое з маральным заахвочваньнем тут, здаецца, усё ў парадку. Пры мне абнаўлялася “дошка перадавікоў” і ўздымаўся на адмысловай машце палінялы й патрапаны чырвоны сьцяг у гонар аднае даяркі. Яна, працуючы са студзеня бяз грошай, атрымлівала ад сваіх каровак па некалькі сотняў кілаграмаў малака за месяц.

Алесь Мікалайчанка, Нясьвіж

XS
SM
MD
LG