Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў перадалі ў Менскі гарадзкі Савет адмысловы зварот, у якім просяць старшыню Ўладзімера Папкоўскага адрэагаваць на масавыя парушэньні правоў журналістаў з боку праваахоўных ворганаў 25 сакавіка ў Менску. Кіраўніцтва БАЖу таксама хацела выступіць на сёньняшняй сэсіі Менскага гарадзкога Савету, дзе дэпутаты зацьвярджалі новага старшыню выканаўчае вэртыкалі Міхала Паўлава, каб той даў афіцыйныя тлумачэньні з нагоды затрыманьня больш чым 30-ці карэспандэнтаў, але лідэрам Асацыяцыі ў гэтым было адмоўлена.

Як паведаміў нашаму радыё віцэ-прэзыдэнт БАЖу Анатоль Гуляеў, чыноўнікі гарадзкога Савету адмовілі яму й Жане Літвіной у магчымасьці задаць пытаньні спадарау Паўлаву, спаслаўшыся на тое, што парадак дня сэсіі ўжо зацьверджаны. “Гарсаветаўскія” дэпутаты таксама адмовілі кіраўнікам БАЖу ў іхнае просьбе задаць Міхалу Паўлаву пытаньні пра правамоцнасьць дзеяньняў нутраных войскаў супраць журналістаў.

Аднак спадару Гуляеву й спадарыні Літвіной удалася такі сустрэцца са старшынём Менскага гарадзкога Савету Ўладзімерам Папкоўскім і перадаць яму адмысловы ліст. Кіраўніцтва Асацыяцыі зьвяртае ўвагу Папкоўскага, што 25 сакавіка сіламі правапарадку было парушанае рашэньне сэсіі гарадзкога Савету № 175 ад 17 чэрвеня 98-га году, якім дэпутаты забавязалі сталічную міліцыю забясьпечваць умовы для бязьперашкоднага выкананьня журналістамі іхных прафэсійных абавязкаў у часе правядзеньня грамадзка-палітычных акцыяў. БАЖ просіць Уладзімера Папкоўскага паведаміць, якія захады будуць прынятыя Менскім гарадзкім Саветам у зьвязку з грубымі парушэньнямі гэтага рашэньня.

І, здаецца, пэўнае паразуменьне са старшынём гарадзкога Савету кіраўнікі БАЖу знайшлі. Гаворыць Анатоль Гуляеў:

“Праз два тыдні будзе сэсія Гарадзкога Савету, на якую будзе вынесенае спэцыяльнае пытаньне па падзеях 25 сакавіка. Мы дамовіліся са старшынём Менгарсавету, што мы зь ім сустрэнемся на гэтым тыдні, абмяркуем наш удзел у гэтай сэсіі і абмяркуем тыя дакумэнты, якія мы на гэтую сэсію накіруем,” – паведаміў спадар Гуляеў.

Сёньня ж адбылося паседжаньне праўленьня БАЖу, на якім быў прыняты зварот да міністра нутраных справаў Сівакова й начальніка сталічнае міліцыі Тарлецкага з заклікам прынесьці прабачэньні пацярпелым журналістам і дабраахвотна сыйсьці ў адстаўку.

Вось думка на гэты конт кіраўніка Цэнтру праўнай абароны СМІ Міхала Пастухова:

“Ну, вядома, мы рэалісты і ня схільныя думаць, што аднога звароту будзе дастаткова, каб гэтыя асобы падалі ў адстаўку. Але ў нас іншая мэта. Мы хочам зьвярнуць увагу грамадзтва на тыя дзеяньні, якія адбываюцца ў апошні час у Беларусі,” – лічыць спадар Пастухоў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў цяпер таксама зьбірае заявы ад сваіх сябраў, пацярпелых 25 сакавіка, і потым перадасьць іх генэральнаму пракурору Алегу Бажэлку з патрабаваньнем пакараць вінаватых.

Выразы салідарнасьці з пацярпелымі ад міліцэйскае зачысткі беларускімі журналістамі ўжо выказалі калегі зь Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, расейскага Фонду абароны галоснасьці, а таксама прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў Ліга правоў чалавека й “Amnesty International”. А грамадзянская ініцыятыва “Хартыя-97” сёньня праводзіць у Менску пікет у падтрымку ўсіх тых, хто пацярпеў ад міліцэйскага свавольства 25 сакавіка.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG