Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 27 сакавіка)
Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі згадвае падрабязнасьці свайго ўтрыманьня ў спартовай залі вайсковае часткі на вуліцы Маякоўскага ў Менску 25 сакавіка, у прыватнасьці, пра спробы арыштантаў сьпяваць беларускія песьні і пра зьдзекі вайскоўцаў з Анатоля Лябедзькі.

(гучаць сьпевы)
(Каліноўскі: ) “Гэты запіс быў зроблены 25 сакавіка прыблізна ў 14 гадзін паводле менскага часу ў перапоўненай спартовай залі вайсковае часткі па вуліцы Маякоўскага, куды былі зьвезеныя больш за дзьве сотні затрыманых на несанкцыянаванай акцыі. Там была і моладзь, там былі і старэйшыя людзі, і мужчыны, і жанчыны, і дзяўчаты, і хлопцы, а таксама польскія актывісты з польскай Рэспубліканскай Лігі разам з дэпутатам Сэйму Марыюшам Каміньскім – яны былі вельмі ўзрушаныя, калі пачулі сьпевы, і пачалі дапамагаць сьпяваць гэтыя песьні.

Пасьля таго, як я пакінуў гэтую залю, адбыўся прыкры інцыдэнт. Потым паведамлялі відавочцы гэтага інцыдэнту. Ім сказалі, чаго вы тут знаходзіцеся, ідзіце – вы свабодныя. У гэты момант, калі яны пачалі выходзіць з гэтай залі, на іх накінулася нейкае падразьдзяленьне і пачало іх зьбіваць. Асабліва дасталося Анатолю Лябедзьку, якога трымалі два салдаты, а лейтэнант біў яго нагамі. Пасьля гэтага іх схапілі і адвезьлі на Акрэсьціна, і сёньня над імі адбываюцца суды”.

(Ціхановіч: ) “Валер, вось калі вярнуцца такой зрокавай памяцьцю да гэтага дня. Вы былі там як журналіст, чым гэтая акцыя вызначалася, адрозьнівалася ад іншых, што ў ёй было характэрнага, чым яна застанецца ў вашай памяці?”

(Каліноўскі: ) “Гэта бессэнсоўная жорсткасьць міліцэйскіх падразьдзяленьняў і салдат унутраных войскаў, зь якой яны затрымлівалі і зьбівалі людзей. Не было ніякага сэнсу гэта ўсё рабіць, не было ніякага сэнсу выкарыстоўваць сабак у гэтых падзеях, не было ніякага сэнсу чапляць журналістаў”.

Гутарыла

Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG