Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У панядзелак у Савецкім судзе Менску пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Судовыя справы затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка разглядаюць чатыры адміністрацыйныя судзьдзі: Аксана Рэлява, Іна Шыйко, Людміла Савасьцян і Руслан Казадаеў. Спачатку разглядаліся справы тых, хто атрымаў у РАУСах позвы ў суд і самастойна зьявіўся ў суд.

Гэта: Ангеліна Масюта,
Андрэй Кардаш,
Андрэй Ганчароў,
Сяргей Пціцын,
Уладзімер Малей,
Мікола Чарнавус,
Алег Грузьдзіловіч,
Уладзімер Кавалеўскі,
Пятро Патапёнак,
Рыгор Гітліц,
Міхал Шарай,
Уладзімер Феактыстаў,
Валер Голуб,
Андрэй Кухаронак,
Уладзіслаў Вяроўкін.

Усе яны абвінавачваюцца паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу за ўдзел у несанкцыянаванае ўладамі акцыі. Разгляд бальшыні гэтых справаў перанесены на іншы тэрмін з-за таго, што сьведкі з боку міліцыі, як звычайна, не зьявіліся ў судовае паседжаньне. Акрамя таго, некаторыя заявілі хадайніцтвы аб пераносе справы, каб мець час дзеля заключэньня дамовы з адвакатам. Такім чынам, толькі судзьдзя Людміла Савасьцян пасьпела вынесьці папярэджаньне Валерыю Голубу.

Калі яшчэ разглядаліся гэтыя справы, да будынку суду пад’ехалі па чарзе тры варанкі, у якіх былі затрыманыя са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка з вуліцы Акрэсьціна. У гэтыя машыны запіхнулі больш як сорак чалавек. Міліцыянтам прыйшлося рабіць ракіроўку перад будынкам суду: машыны пад’яжджалі адна насупраць аднае, канвой адчыняў дзьверы й людзей дадаткова пераводзілі ў машыну, дзе было менш народу, бо самім міліцыянтам рабілася кепска з-за адсутнасьці кіслароду.

У вадной з гэтых машынаў, у асобнай камэры да гэтага часу ўтрымліваецца моцна зьбіты дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён знаходзіцца ў цяжкім стане, акрамя таго, у знак пратэсту абвясьціў галадоўку. У другой машыне ў васобнай камэры Юрась Беленькі, які таксама моцна зьбіты і яму неабходна мэдычная дапамога.

Судзьдзі не спадзяюцца разгледзець адміністрацыйныя справы да канца працоўнага дня, але загаду працаваць пасьля 18-ці гадзінаў пакуль не было.

Справу Віктара Івашкевіча, якога затрымалі прэвэнтыўна да пачатку акцыі, разгледзелі адной зь першых. Сьведкі з боку міліцыі Валянцін Шыманскі й Аляксандар Раманоўскі ў судовым паседжаньні прадставіліся як участковыя інспэктары Савецкага РАУСу, а замест службовага пасьведчаньня ў іх былі студэнцкія білеты курсантаў Акадэміі міліцыі. Калі іхныя паказаньні не супадалі з тым, што было напісана ў рапартах, то яны спаслаліся на забыўлівасьць. Судзьдзя вымушаная была перанесьці разгляд справы на 30 сакавіка. Віктар Івашкевіч паведаміў “Радыё Свабода”:

(Івашкевіч: ) “Па-першае, гэта – акцыя застрашаньня. Ставілася на мэце правесьці масавыя рэпрэсіі, каб людзей напалохаць. Па-другое, арышты праводзіліся да мітынгу і шэсьця, прэвентыўна, скажам так. На штаб-кватэру БНФ першае нападзеньне і хапун адбыліся ў 11.30, а потым у 11.45, калі быў затрыманы і я. Далёка ад Якуба Колакса. Зараз на паседжаньні суда былі абсалютна хлусьлівыя і супярэчлівыя паказаньні так званых сьведкаў, у рапартах якіх было напісана, што яны затрымалі мяне на скрыжаваньні Якуба Коласа і Краснай, а самі давалі паказаньні, што затрымалі мяне каля ЦУМа. Іх пыталі, ці маглі яны адначасова знаходзіцца ў розных ачапленьнях, кажуць – не маглі. І наогул, абсалютна супярэчлівыя паказаньні, прычым, юрыдычна зафіксаваныя”.

Назіральнікі зьдзівіліся колькасьці дастаўленых у суд з вуліцы Акрэсьціна. Высьветлілася, што пад час гэтак званае “зачысткі” на пляцы Якуба Коласа вайскоўцы пахапалі шмат апэратыўнікаў з КГБ. Такога раней не здаралася. Невядома, ці будзе КГБ зьвяртацца да беларускіх уладаў, каб пакаралі вінаватых.

У гэты момант суды над затрыманымі ўдзельнікамі яшчэ працягваюцца.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG