Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Мінулае начы пасьля некалькіх гадзінаў, праведзеных у міліцэйскім пастарунку, былі адпушчаныя “маладафронтаўцы”, якія ўвечары распаўсюджвалі налепкі-паведамленьні пра сьяткаваньне Дня Волі.

Учора ўвечары былі затрыманыя міліцыяй 8 “маладафронтаўцаў”, якія распаўсюджвалі налепкі з выяваю бел-чырвона-белага сьцяга на сінім фоне й надпісам “ДЗЕНЬ ВОЛІ”. Першым затрымалі навучэнца вучэльні, непаўнагадовага жыхара пасёлку Зялёны Віталя Падаляка. Гэта здарылася каля ўваходу ў мэтро на пляцы Перамогі. Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага РАУСу склалі на яго пратакол паводле артыкулу 143 часткі 3 Адміністрацыйнага Кодэксу (разьвешваньне аб’яваў на слупах, будынках і ў іншых не прадугледжаных дзеля гэтага мейсцах). За гэтае правапарушэньне прадугледжаны штраф памерам адзін мінімальны заробак.

Віталь Падаляк распавёў “Радыё Свабода”:

(Падаляк: ) “Мяне павялі па нейкай вуліцы, завялі ў дворык, абшукалі. Знайшлі ў заплечніку налепкі-улёткі. Пасьля мяне павялі ў апорны пункт, мы ішлі хвілін 20. Перад уваходам у яго яны некалькі разоў ударылі мяне гумовай дубінкай. Пасьля пасадзілі ў невялікую камэру. Там я праседзеў поўгадзіны. Пасьля прыехала машына з партызанскага РАУС. Мяне туды загрузілі і прывезьлі ў Партызанскі РАУС. Там склалі пратакол. Там я праседзеў тры гадзіны. Я казаў, што я непаўнагадовы, прасіў, каб мне далі зрабіць адзін тэлефонны званок, бо хацеў патэлефанаваць сваёй маці, але яны не дазволілі”.

Гаварыў Віталь Падаляк.

Яшчэ пяць маладафронтаўцаў трапілі гэтым вечарам у міліцэйскі пастарунак. Супрацоўнікі Савецкага РАУСу затрымалі Рамана Бронава, Сяргея Касьцюкевіча, Кастуся Дадзько й непаўнагадовых Міколу Сёмуху й Сяргея Жаўлакова. На гэтых юнакоў міліцыянты таксама склалі пратаколы паводле артыкулу 143 Адміністрацыйнага Кодэксу. Налепкі й грошы, якія былі ў хлопцаў, супрацоўнікі міліцыі пакінулі сабе. “Маладафронтаўцаў” пяць гадзінаў трымалі ў пастарунку, толькі а другой гадзіне ночы яны былі адпушчаныя. Непаўнагадовы Сяргей Жаўлакоў паведаміў “Радыё Свабода”:

(Жаўлакоў: ) “Мяне з сябрам затрымалі за тое, што мы расклейвалі налепкі каля дзевяці гадзінаў, адвезьлі ў Савецкі РАУС і там трымалі да другой гадзіны ночы. Не далі патэлефанаваць дадому, хоць я аб гэтым прасіў. Маёй маці паведамілі аб тым, што мяне затрымалі толькі каля гадзіны ночы. У яе хворае сэрца, і яна была вымушаная ў такім стане ісьці каля трох кілямэтраў уначы да Савецкага РАУСа пешкі, бо транспарт ужо не хадзіў. Міліцыянты адмовіліся мяне прывезьці ці адпусьціць так. Учора нас там абражалі рознай нецэнзурнай лаянкай і пагражалі фізычнай расправай. Казалі, што калі сустрэнуць нас 25-га на гэтым мітынгу, дык заб’юць на месцы”.

Гаварыў Сяргей Жаўлакоў.

Старшыня Менскае раённае рады БНФ Юрась Зянковіч і непаўнагадовы “маладафронтавец” Аляксандар Калантай былі затрыманыя ў мэтро на станцыі “Пляц Незалежнасьці”. Іх завялі ў пастарунак лінейнага аддзелу мэтрапалітэну, склалі пратакол і зканфіскавалі ўсе ўлёткі. Юрась Зянковіч паведаміў “Радыё Свабода”:

(Зянковіч: ) “Пасьля таго, як нас завялі ў пастарунак, нас там трымалі каля палутара гадзінаў. За гэты час склалі пратакол аб правапарушэньні. Пад час самой працэдуры падышоў начальнік гэтага пастарунку, старэйшы лейтэнант міліцыі, і пачаў нам пагражаць. Ён сказаў, што на месцы Лукашэнкі, ён бы выдаў закон, паводле якога ўсіх, хто наклейвае налепкі, закавалі б у кайданы і прымусілі прыбіраць увесь горад. Са мной разам быў непаўналетні юнак. Ягоным бацькам не патэлефанавалі, не паведамілі, дзе ён знаходзіцца, таму гэта павінен быў рабіць я. Сёньня раніцай я размаўляў зь яго маці, яна – у роспачы, яна баіцца далейшых рэпрэсіяў супраць яго ў навучальнай установе, дзе ён вучыцца”,

– паведаміў Юрась Зянковіч.

Менская міліцыя, якая ўжо тры дні працуе ў гэтак званым рэжыме ўзмацненьня, асаблівую ўвагу надае моладзі ў мейсцах, дзе зьбіраецца вялікая колькасьць людзей. Таму, відаць, гэта не апошнія затрыманьні распаўсюднікаў улётак.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG