Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На мінулым тыдні Рада Бясьпекі ААН разглядала пытаньне аб парушэньні міжнародных санкцыяў супраць ангольскага сэпаратысцкага руху УНІТА, які ўжо амаль 25 год вядзе вайну супраць законнага ўраду сваёй краіны. Сярод падазраваных у парушэньні гэтых санкцыяў – і ўрад Беларусі. Мікола Іваноў працягвае сваё расьледаваньне.

На пачатку прыгадаю, што санкцыі супраць анголскага сэпаратысцкага руху УНІТА прадугледжвалі:

- забарону на пастаўкі ўсіх відаў зброі сэпаратыстам;
- эмбарга на пастаўкі нафтапрадуктаў;
- адмову ўсімі краінамі-сябрамі ААН купляць дыяманты і алмазы з шахтаў пад кантролем УНІТЫ;
- арышт усіх банкаўскіх рахункаў УНІТЫ;
- забарона ўсім кіраўнікам ангольскіх сэпаратыстаў падарожнічаць за мяжу.

Пасьля 7 гадоў дзеяньня гэтых санкцыяў высьветлілася, што яны ня дзейнічаюць. І вось чаму.

Па-першае, афрыканскія краіны-суседзі Анголы, падзеленыя на прыхільнікаў і праціўнікаў ангольскага ўраду.

Сярод тых, хто актыўна падтрымліваў і падтрымлівае сэпаратыстаў Савімбі, урады: Тога, Уганды, Руанды і Берага Слановае Косьці. Але найбольш актыўным саюзнікам Савімбі быў заірскі ўрад Мабуту Сэсэ Сэко, скінуты два гады таму. Заірскія ўлады куплялі нагэтулькі значную колькасьць зброі для УНІТЫ, што, нават, калі ў выніку ўзброенага паўстаньня Мабуту быў скінуты, ягоныя праціўнікі захапілі каля Кіншасы сотні тонаў зброі, якая належала УНІЦЕ, але якую ангольскія сэпаратысты па-просту ня ў стане былі пераварыць.

З дакладу экспэртаў ААН вынікае, што ў абыход санкцыяў ААН урад Тога выдаваў тагалескія замежныя пашпарты высокапастаўленым членам кіраўніцтва УНІТЫ, а таксама членам іх сямей, а Нацыянальны банк краіны Бераг Слановае Косьці праводзіў фінансавыя апэрацыі для УНІТЫ. У Паўдневай Афрыцы, таксама насуперак санкцыям ААН, існавала пад фікцыйнай фірмовай вывескай прадстаўніцтва УНІТЫ, якое гандлявала дыямантамі і ажыцьцяўляла неабходныя закупкі.

У якасьці адной з галоўных прычынаў лёгкага доступу УНІТЫ на міжнародны рынак зброі міжнародныя эксперты лічаць ягоную перанасычанасьць і надзвычайную актыўнасьць на ім посткамуністычных краінаў, у тым ліку і Беларусі. Вось як Сяргей Аніська, экспэрт у галіне гандлю зброяй, ацэньвае беларускі патэнцыял у гэтай галіне:

(Аніска: ) “Беларускія сродкі масавай інфармацыі зьмяшчалі матэрыялы, якія адлюстроўваюць некаторыя аспэкты гэтага гандлю. У прыватнасьці, паведамлялася, што Судан купляў у Беларусі сыстэмы залпавага агню “Град”, Ангола – бронетранспартэры і сыстэмы залпавага агню “Смерч”, Алжыр – зьнішчальнікі МіГ, Руанда – гарматны ладунак. Ня выключана, што менавіта актыўны гандаль з афрыканскімі краінамі дазволіў Беларусі па выніках 1997 году апынуцца на ганаровым 9 месцы сярод краінаў-экспартэраў зброі. Але, ці магла беларуская зброя трапіць у краіны, дзе ідуць баявыя дзеяньні? Напрклад, у Анголу, дзе пажар вайны палае ўжо больш 25 гадоў?
На маю думку, магла. І не таму, што ўрад Беларусі наўмысна накіроўваў туды сваю зброю. Існуе іншы варыянт. Напрыклад, зброю, якую пастаўлялі паводле кантракту ў тую ж Уганду, маглі перапрадаць рэжыму Савімбі”.

Паводле дадзеных, якія мае Сяргей Аніська, беларуская зброя знайшлася на палях баёў у Анголе. Яна афіцыйна пастаўлялася ўраду Анголы. Але ці магла яна апынуцца і на другому баку фронту, у руках жаўнераў УНІТЫ?

Экспэрты ААН лічаць, што – так. На працягу 1996-1998 гадоў у аэрапорце Андула, які знаходзіўся пад кантролем унітаўцаў прызямляліся дзясяткі самалётаў са зброяў для УНІТЫ. Бальшыня зь іх прылятала з Баўгарыі, але Баўгарыя была толькі транзытнай краінай.

Мікола Іваноў

(Аб тым, адкуль зброя магла пастаўляцца ў Баўгарыю, вы зможаце пачуць у наступнай перадачы Міколы Іванова на гэтую тэму)

XS
SM
MD
LG