Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ініцыятары сьвяткаваньня Дня Волі былі выкліканыя ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дзеля пошукаў кампраміснага рашэньня паміж уладамі і апазыцыяй у правядзеньні апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Сёньня ў сталічным гарадзкім выканаўчым камітэце адбылася сустрэча прадстаўнікоў уладаў і аб’яднанай апазыцыі дзеля ўзгадненьня маршруту шэсьця й мейсца правядзення мітынгу.

З боку ўладаў прысутнічалі намесьнік старшыні выканаўчыага камітэту Віктар Чыкін, намесьнік начальніка гарадзкое міліцыі Сяргей Саланец, а таксама прадстаўнікі пракуратуры й спэцслужбаў. З боку аб’яднанай апазыцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі нацыянальнага камітэту ў сьвяткаваньні Дня Волі: Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Юры Хадыка, а таксама Юрась Беленькі.

Вячаслаў Сіўчык распавёў “Радыё Свабода” пра тое, як праходзілі перамовы:

(Сіўчык: ) “Яўна бачна, што тое незаконнае рашэньне, якое прыняў Менгарвыканкам, загнала сытуацыю ў тупік. Таму што аб’яднаная апазыцыя адразу абвесьціла, што ўсё роўна а 12 гадзіне на плошчы Якуба Коласа будуць зьбірацца людзі, і што мы не зьбіраемся адмаўляцца ад шэсьця. Улады паступова прапануюць мірны варыянт правядзеньня 25 сакавіка, але ж прапануюць, на мой погляд, зусім кепскае рашэньне. Яны кажуць, давайце, маўляў, па-джэнтэльмэнску дамовімся, каб усё было мірна. Узгоднім толькі нефармальны маршрут, і па гэтым маршруце няхай адбудзецца праход людзей ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалёр. Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі на такі варыянт ня йдуць, таму што мы лічым, што неабходна ўсё ж праўнае забесьпячэньне любой акцыі, і рашэньне гарвыканкаму павінна быць перагледжанае ў бок дазволу шэсьця. Толькі на такой глебе можна прыйсьці да кампрамісаў зь менскай міліцыяй, якая была ініцыятарам гэтых перамоваў, і гарадзкімі ўладамі”,

– паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

На заўтра ў Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце прызначаная сустрэча на больш высокім роўні. Прадстаўнікі аргкамітэту спадзяюцца на тое, што будзе атрыманы дазвол на правядзеньне мітынгу й шэсьця па тым маршруце й на тым мейсцы, якія былі ўказаныя ў заяве аргкамітэту.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG