Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Флагман заходніх інвэстыцыяў у Беларусі – завод “Ford Union” – перажывае эканамічныя цяжкасьці: ў параўнаньні з 1998 годам яго вытворчасьць скарацілася ў 4,5 разы. Свае меркаваньні пра прычыны крызысу выказаў прэзыдэнт дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

Пра драматычнае зьніжэньне вытворчасьці менскага заводу паведаміла маскоўскае прадстаўніцтва кампаніі Ford. На думку прадстаўнікоў кампаніі, прычына гэтага палягае ня толькі ў падзеньні спажывецкага попыту, але і ў жорсткай канкурэнцыі: Ford’аўскі мікрааўтобус “Форд Транзыт” каштуе на расейскім рынку 18 000 даляраў, а расейскі аналяг “Газэль” – у тры разы таньней. Тым ня менш, Ford пакуль не зьбіраецца спыняць вытворчасьць аўтамабіляў на сваім менскім заводзе. Прадпрыемства перайшло на выпуск прадукцыі толькі на замову.

Ford’аўскі завод у Апчаку пачаў працаваць у 1997 годзе. Адкрывалі яго ўрачыста, у прысутнасьці Лукашэнкі. Праектная магутнасьць прадугледжвала выпуск 6 тысячаў аўтамабіляў у год. Меркавалася, што 80 адсоткаў прадукцыі – легкавых машынаў “Форд Транзыт” і аўтобусаў “Форд Эскорт” – пойдзе ў Расею, а рэшта будзе прадавацца ў Беларусі. За тры гады з канвэеру сыйшло толькі 3,5 тысячы аўтамабіляў, ільвіная частка гэтае прадукцыі – больш за 90 адсоткаў было прададзена ў Расею. У 1999 годзе ў параўнаньні з 1998 годам вытворчасьць скарацілася ў 4,5 разы. Летась на некалькі месяцаў на заводзе нават спыняўся зборавы канвэер.

Прадпрыемства было вымушанае шукаць нетрадыцыйныя рынкі збыту – летась 800 машынаў прадалі ў Егіпет. Але, мяркуючы па ўсім, праблемы “Ford Union” гэта не вырашае.

Пракамэнтаваць сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве, я папрасіў прэзыдэнта дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заіку. Паводле меркаваньняў спадара Заікі, Ford атрымаў у Беларусі адчувальную паразу, а тое, што вытворчасьць ня згортваецца – ёсьць проста нежаданьнем аўтагіганту гэтую паразу прызнаць. “Разьвітаньнем, якое зацягнулася” назваў Леанід Заіка сучасны стан справаў на заводзе. Эканаміст лічыць, што Ford зрабіў некалькі пралікаў, спадзеючыся, што Беларусь стане пляцдармам у заваёве неабсяжнага расейскага рынку.

Але на шляху реалізацыі гэтага пляну паўстала некалькі перашкодаў. Першая – расейскі крызыс жніўня 1998 году, які рэзка зьнізіў канкурэнтаздольнасьць імпартуемай у Расею прадукцыі. “Ford ніколі ня зможа рабіць легкавыя аўтамабілі за 5 тысячаў даляраў, нават пры дапамозе таннае беларускае працоўнае сілы”, – заўважыў Леанід Заіка і нагадаў, што новыя “Жыгулі” каштуюць сёньня 2 тысячы даляраў.

Другая перашкода, можа нават больш істотная – крах спадзяваньняў на адзіную мытную прастору Беларусі й Расеі. Паводле словаў спадара Заікі, расейцы пачакалі, пакуль Ford не “закапае грошы” ў беларускую зямлю, пакуль не пабудуе завод, а потым на роўні ўраду прынялі рашэньне: прадукцыя заводу ў Апчаку – не беларуская, а замежная, гэта значыць, за яе ўвоз ў Расею трэба плаціць немалую мыту.

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” лічыць, што Ford’аўскі завод пад Менскам стаў ахвяраю лябізму расейскіх аўтамабільных кампаніяў, ў прыватнасьці, Барыса Беразоўскага. Леанід Заіка мае зьвесткі, што расейскія бізнэсмэны й чыноўнікі адкрыта папярэджвалі прадстаўнікоў “Ford Union”: “Ня суньцеся на нашую тэрыторыю”.

Паводле меркаваньняў эканаміста, тое, што зараз адбываецца з “Ford Union” – праява агульнае тэндэнцыі, якая адаб’ецца й на беларуска-нямецкім праекце MAZ-MAN, і на ўсім буйным беларускім бізнэсе навогул. “Расейцы пачынаюць мэтанакіравана душыць беларускі бізнэс, біць яго нагамі, і аніякі Лукашэнка яго не абароніць”, – лічыць спадар Заіка.

Вяртаючыся да тэмы аўтабізнэсу, Леанід Заіка паведаміў, што падрыхтаваны ўказ кіраўніка Беларусі пра ўвядзеньне на тэрыторыі краіны расейскіх ставак увазных мытаў на замежныя аўтамабілі. Калі ўказ будзе падпісаны, гэта стане канцом беларускага аўтабізнэсу й трыюмфам расейскага аўтамабільнага лёбі. “Тады ўсе на “Жыгулях” езьдзіць будзем”, – сказаў прэзыдэнт дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

Юры Дракахруст, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG