Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 21 сакавіка)
21 сакавіка ў Горадні безвынікова скончыўся суд паміж праваслаўным сьвятаром Іванам Спасюком, з аднаго боку, і Гарадзенскім і Ваўкавыскім эпіскапам Арцеміем ды эпархіяльнай управай, з другога. Сьвятар спрабаваў абараніць свае гонар і годнасьць, аднак суд, фактычна, не прызнаў ягонага спазыску, адмовіўшыя яго задаволіць.

Сутнасьць справы наступная. Айцец Іван год таму выйшаў з-пад юрысдыкцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, далучыўшыя да Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквы. Ён быў адхілены эпіскапам Арцеміем ад выкананьня сваіх службовых абавязкаў, але сану не пазбаўлены. Раней сьвятар сабраўся будаваць у пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну, дзе ён жыве, царкву і знайшоў грошы. Аднак, уладыка дамогся, каб была заведзеная крымінальная справа нібыта аб фінансавых парушэньнях, праўда, неўзабаве яна была спыненая. Але ў газэце “Гродненские Епархиальные Ведомости”, быў надрукаваны артыкул, у якім пісалася, што бацюшка запляміў сябе і падазраецца ў адмываньні грошай. Артыкул быў перадрукаваны “Гродзенскай Праўдай”, “Бераставіцкай газетай”, “Советской Белоруссией”.

Іван Спасюк вырашыў падаць у суд і дамагчыся публічнага прабачэньня і грашовай кампэнсацыі ад уладыкі асабіста і эпархіяльнай управы, агулам, на 120 мільёнаў рублёў. Юрыдычную падтрымку яму ў судзе аказвалі Мікалай Аксаміт з ваўкавыскай праваабарончай арганізацыі “Аслона” і Валеры Шчукін зь Беларускага Гэльсынскага Камітэту.

Суд зьбіраўся на паседжаньні тройчы. Першы раз – 23 лютага, апошні – сёньня. Пасьля ўсіх працэдураў і судовых спрэчак судзьдзя Ленінскага суда гораду Іван Грышкевіч зачытаў рашэньне – у задавальненьні спазыску адмовіць. Цяпер Іван Спасюк будзе падаваць апэляцыю ў абласны суд.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

XS
SM
MD
LG