Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На запрашэньне грамадзкай арганізацыі “Unga Ornars Riksforbund” на дзесяцідзённы адпачынак у Швэцыю накіравалася група дзяцей беларускіх палітзьняволеных. Разам са швэдзкімі калегамі гэтую паездку зарганізавала грамадзянская ініцыятыва “Хартыя-97”.

У Швэцыю запрошаныя дзеці Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава, Міколы Статкевіча ды іншых апазыцыянэраў, што ў свой час пацярпелі ад уладаў, а таксама ўнукі Валерыя Шчукіна (усяго 10 чалавек). Суправаджаюць дзяцей у паездцы жонкі зьняволеных дэпутатаў Вярхоўнага Савету Кудзінава й Клімава.

Дзеці беларускіх палітычных вязьняў будуць адпачываць у невялікім мястэчку Ліксэль, дзе для іх падрыхтаваная багатая вучэбная, культурная й спартовая праграма. Усе выдаткі пад час знаходжаньня дзяцей у Швэцыі ўзяла на сябе праваабарончая арганізацыя “Unga Ornars Riksforbund”.

Цікава, што апошнім часам Швэцыя выяўляе вельмі вялікі інтарэс да падзеяў у Беларусі. Варта ўзгадаць хаця б нядаўні візыт у гэтую краіну групы апазыцыйных беларускіх палітыкаў, якіх прымалі на даволі высокім узроўні, ці акцыю падтрымкі беларускае дэмакратыі “STOP LUKA”, якую распачалі 16 сакавіка актывісты ўплывовае швэдзкае Сацыял-дэмакратычнае рабочае партыі.

Вось меркаваньне адносна швэдзкае дапамогі беларускім апазыцыянэрам актывіста “Хартыі-97” Зьміцера Бандарэнкі:

(Бандарэнка: ) “Швэцыя – адна зь нешматлікіх эўрапейскіх краінаў, якая пасьлядоўна займаецца пытаньнямі абароны правоў чалавека ў Беларусі. Вядома, што нядаўна адбыўся візыт беларускай апазыцыйнай дэлегацыі ў Швэцыю, які быў таксама заарганізаваны Хартыяй-97. І зараз мы вядзем перамовы, і магчыма яшчэ летам будуць паездкі дзяцей палітзьняволеных,”

– паведаміў спадар Бандарэнка.

Дарэчы, гэта ня першая акцыя “Хартыі-97” У адпраўцы дзяцей беларускіх палітычных зьняволеных на адпачынак за мяжу. Летась актывісты “Хартыі” разам з рэдакцыяй “Gazety Wyborczej” зарганізавалі паездку дзяцей вязьняў у Польшчу. Сёлетні адпачынак у Швэцыі будзе працягвацца да 31 сакавіка.

Альгерд Невяроўскі

XS
SM
MD
LG