Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Стала вядома, што дэлегацыя “тройкі” АБСЭ наведае Беларусь у першай дэкадзе красавіка. Хутчэй за ўсё, візыт працягнецца з 6 па 8 красавіка. Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску цяпер занятая падрыхтоўкаю гэтага візыту.

Адразу засяроджу ўвагу слухачоў на тым, што “тройка”, якая хутка наведае Менск – ня тая, што была ў Беларусі ў пачатку сакавіка. Дэлегацыя, якая прыбудзе ў Менск празь некалькі тыдняў, будзе прадстаўляць толькі Парлямэнцкую асмблею АБСЭ. А свой назоў – “тройка” – яна атрымала таму, што ў ейным складзе дыпляматы трох дзяржаваў: Аўстрыі, якая старшынюе ў АБСЭ, Нарвэгіі, якая страшынявала летась, і Румыніі, якая будзе кіраваць у АБСЭ ў 2001 годзе.

Дакладны асабісты склад “тройкі” АБСЭ пакуль невядомы. Як невядома й тое, ці прыедзе ў Менск кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын.

Паводле намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Анатоля Лябедзькі, спадар Севярын ня робіць сакрэту з таго, што будзе сёлета балятавацца на пасаду старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якую пакуль займае спадарыня Хэле Дайн з Даніі. І яму, каб павялічыць свае шанцы й перамагчы іншых прэтэндэнтаў, патрэбна нейкая маштабная акцыя – накшталт вырашэньня праз выбары ў парлямэнт беларускае праблемы.

У сувязі з гэтым Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што пад час слуханьняў у справах Беларусі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША Адрыян Севярын займаў больш радыкальную пазыцыю, чым пад час сваіх візытаў у Менск. Як лічыць беларускі парлямэнтарый, гэта праяўленьне разуменьня спадаром Севярынам сучасных міжнародных рэаліяў – ад падтрымкі Злучаных Штатаў, якія ўваходзяць у АБСЭ, шмат залежыць у абраньні новага старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

У падрыхтоўцы красавіцкага візыту “тройкі” актыўна ўдзельнічае намесьнік кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Петэр Кляйнэр. Для яго гэта будзе апошняя буйная справа, зьвязаная з працаю ў Менску, паколькі на пачатку красавіка спадар Кляйнэр пакіне Беларусь. Хто яго заменіць, пакуль невядома. Але адно ўжо ясна – гэта ня будзе прадстаўнік Расеі, Украіны, Польшчы, Летувы або Латвіі. Паводле правілаў АБСЭ, на такія пасады не прызначаюцца дыпляматы з краінаў, якія маюць агульную мяжу зь Беларусьсю.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG