Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Як толькі скончылася дэманстрацыя, якую ладзілі беларускія арганізацыі ля будынку Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў 18 сакавіка, адразу ж зладзілася калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і рушыла да прадстаўніцтва Беларусі ў Ню-Ёрку.

Варта адзначыць, што беларускае прадстаўніцтва ў Ню-Ёрку знаходзіцца ў адным будынку з расейскім. Гэтым, дарэчы, таксама быў выкліканы Ню-Ёркскі Марш Свабоды, які наладзілі беларусы.

Знаходзяцца гэтыя прадстаўніцтвы Беларусі і Расеі праз дваццаць вуліцаў ад будынку ААН, дзе праходзіла дэманстрацыя. Адлегласьць, як па менскіх мерках, дык прыкладна, як ад плошчы Незалежнасьці да Акадэміі Навук.

Беларусы Амэрыкі хацелі ня толькі засьведчыць свой пратэст супраць спробаў анэксіі Беларусі і парушэньняў прынцыпаў дэмакратыі. Яшчэ адна нагода была прапагандысцкаю. На працягу ўсяго шляху калёна раздавала мінакам улёткі на вуліцах Ню-Ёрку. А калі беларусы падышлі да будынку, дзе знаходзяццца місіі Беларусі й Расеі, прадстаўнікі калёны накіраваліся несьці дэклярацыі, у якіх засьведчаная пазыцыя беларускіх арганізацыяў Амэрыкі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі і дэмакратыі.

У сыботу, у выхадны дзень, у дыпляматычных падстаўніцтвах працуе толькі служба аховы. Ахоўнікі не адчынілі дзьверы, а толькі праз шкло фатаграфавалі дэманстрацыю і тых яе прадстаўнікоў, што прынесьлі дэклярацыі. Тым часам беларусы правялі кароткі імправізаваны мітынг і пачалі разыходзіцца.

І тут здарылася яшчэ адна нечаканасьць. Прыехала паліцыя. Паліцыю выклікалі, як аказалася, ахоўнікі. Беларусы хутка знайшлі паразуменьне з паліцыянтамі, якія выказаліся ў падтрымку дэмакратыі. А ўдзельнікі ню-ёркскага Маршу Свабоды згарнулі сьцягі ды лёзунгі і задаволеныя разышліся па хатах.

Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

XS
SM
MD
LG