Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 18 сакавіка)
Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ зарганізавалі сёньня сэрыю пікетаў у абарону незалежнасьці Беларусі. Акцыі прайшлі ў Менску, Пінску, Берасьці,Баранавічах, Ляхавічах, Ганцавічах і Віцебску.

Сёньня на менскім пляцы Бангалёр сабралася некалькі дзясяткаў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі з надпісамі: “25 сакавіка – 82-я ўгодкі БНР”, “Беларуская салідарнасьць наш супраціў расейскай акупацыі!” “Расейская імпэрыя – гэта вайна й сьмерць!” ды іншымі. Адзін з кіраўнікоў Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ Валеры Буйвал так патлумачыў мэту сёньняшняй акцыі:

(Буйвал: ) “Сёньняшняя нашая акцыя прысьвечаная падрыхтоўцы, інфармаваньню насельніцтва пра тое, што мае адбыцца 25 сакавіка – нашае сьветлае, галоўнае сьвята – Дзень Незалежнасьці, Дзень Волі.

Таксама мы тут зьбіраем подпісы ў падтрымку акцыі беларускай салідарнасьці, супраць аб’яднаньня нашай краіны, здачы яе Расейскай імпэрыі, а таксма подпісы ў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі”.

Іншыя пікетоўцы тлумачылі мне, што падобныя акцыі праходзяць у межах агульнабеларускай акцыі іхнае партыі пад назваю “Беларуская салідарнасьць”. Рашэньне аб правядзеньні гэтай акцыі было прынята на Варшаўскім сойме КХП БНФ у студзені.

Паводле словаў сябры Сойму гэтае партыі Валянціны Мароз, мэта акцыі салідарнасьці – “кансалідаваць беларускае грамадзтва на станоўчым ідэале, супрацьпаставіць адмаўленьню лукашэнкавага рэжыму і расейскай акупацыі станоўчы ідэал барацьбы за Беларусь”. Пікетоўцы сёньня актыўна зьбіралі подпісы мінакоў супраць страты незалежнасьці Беларусі, а таксама заклікалі людзей прыняць 25 сакавіка ўдзел у сьвяточным шэсьці. Некаторыя спыняліся ля пікету, і нават пакідалі свае подпісы пад зваротам у ААН, АБСЭ й да ўрадаў ЗША і Вялікабрытаніі стаць гарантам беларускае незалежнасьці на міжнароднай арэне.

Паколькі акцыя была санкцыянаванай, міліцыя не перашкаджала дзейнасьці пікетоўцаў. Міліцэйскі патруль проста моўчкі назіраў за агітацыяй “фронтаўцаў”.

Тым ня менш, арганізатары сёньняшняга пікету гавораць, што ўлады робяць усё каб перашкодзіць сябрам КХП БНФ праводзіць агітацыйныя акцыі. Так напрыклад, у гарадзкі выканаўчы камітэт было пададзена шмат заявак на правядзеньне пікетаў у розных месцах Менску, аднак улады дазволілі толькі два пікеты на пляцы Бангалёр (сёньня й заўтра) ды адзін у мікрараёне Ўручча.

Чаму ж улады так баяцца актыўнасьці паплечнікаў Зянона Пазьняка? Вось што думае на гэты конт сябра Сойму КХП БНФ Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Улады не зацікаўленыя, каб перад выбарамі ў Расеі адсюль людзі ўбачылі незадаволенасьць палітыкай нашага ўрада”.

Тым ня менш па меры магчымасьці, актывісты партыі будуць працягваць весьці агітацыю з мэтаю сабраць на Дзень Волі 25 сакавіка як мага большую колькасьць людзей. А акцыя “Беларуская салідарнасьць” будзе працягвацца ўвесь гэты год.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG