Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Экспэрты Інстытуту крыміналістыкі пацьвердзілі словы Міхала Чыгіра пра тое, што подпіс у статутных дакумэнтах фірмы “Каруна”, якая мела дачыненьне да справы пра зьнікненьне мільёну даляраў з рахунку “Белаграпрамбанку”, належыць не яму. Міхал Чыгір не выключае, што замест яго дакумэнты падпісалі нядобрасумленныя бізнэсмэны.

Справа супраць экс-прэм’ера Міхала Чыгіра папоўніліся адразу некалькімі цікавымі дакумэнтамі. Па-перашае, зь інстытуту крыміналістыкі суд атрымаў заключэньне экспэртаў адносна подпісу ў статутных дакумэнтах камэрцыйнае фірмы “Каруна”, якая фігуруе ў эпізодзе пра мільён даляраў, што зьніклі ў Канадзе.

Сьледзтва сьцьвярджала, што подпіс належыць Міхалу Чыгіру, і на гэтае падставе падазравала Чыгіра ў падтрымцы фірмы, якая быццам бы мела дачыненьне да зьнікненьня грошай банку.

Міхал Чыгір, як вядома, гэтыя абвінавачваньні адрынае. Ён сьцьвярджае, што ніколі ня быў сузаснавальнікам “Каруны” й ніколі ня ўдзельнічаў у сходах гэтага акцыянэрнага таварыства. Адвакаты Чыгіра двойчы ставілі пытаньне адносна правядзеньня экспэртызы й нарэшце свайго дамагліся. Цяпер дакладна вядома, што ў дакумэнтах “Каруны” подпісаў Чыгіра няма. Ён лічыць, што сьледчыя, даказваючы ягоную сувязь з “Карунаю”, яўна выдавалі пажаданае за рэчаіснае. Што тычыцца падробкі подпісу, Міхал Чыгір мяркуе, што гэта зрабілі нядобрасумленныя бізнэсмэны.

(Міхал Чыгір: ) “Я лічу, што гэтыя фірмачы, якія заснавалі фірму “Каруна”, для прэстыжу хацелі ўсім гаварыць і паказваць, што ў іх у ліку заснавальнікаў – старшыня Беаграпрамбанку, буйнейшага банку рэспублікі. А я ніякіх дакумэнтаў не падпісваў. Усе ж далі паказаньні, што я ў сходах удзелу не прымаў, што я ніякіх дывідэнтаў там не атрымоўваў”.

(Карсэпандэнт: ) “У Вас няма жаданьня зь імі разабрацца?”

(Міхал Чыгір: ) “Тут акрамя іх ёсьць шмат з кім разьбірацца. Будзем разьбірацца з Гародняй. Як гэта машыны пакралі, а цяпер хочуць, каб я грошы за гэтыя машыны заплаціў?”

Факты, што датычаць зьнікненьня ў Гародні 15–ці джыпаў, купленых у 1993 годзе на крэдыт “Белаграпрамбанку”, сёньня таксама дадаткова вывучаліся ў судзе. Сьведка Мікалай Пацееў назваў прозьвішчы сямі жыхароў гораду, якія, паводле ягоных дадзеных, карыстаюцца гэтымі джыпамі коштам у 30 тысячаў кожны, не заплаціўшы ані цэнта.

Цікава, што сьведка ведае прозьвішчы гэтых людзей, а вось сьледчыя ворганы Гародні не зрабілі нічога, каб выявіць уладальнікаў машынаў і вярнуць грошы або джыпы фірме-прадаўцу, а потым банку.

Міхал Чыгір не выключае, што гэта адбылося невыпадкова, што нехта з уплывовых сілавікоў Гарадзенскае вобласьці быў зацікаўлены у тым, каб зьніклыя машыны не шукалі. Сёньня прозьвішчы людзей, замешаных у гэтай афэры, былі названыя. Цяпер застаецца чакаць, як на гэтыя факты адрэагуе суд.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG