Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Бацькі менскіх падлеткаў абураныя тым, што адміністрацыі навучальных установаў ужываюць недазволеныя меры, каб прадухіліць удзел юнакоў у апазыцыйных акцыях, як гэта было перад Маршам Свабоды-2.

Каб не дапусьціць непаўнагадовых жыхароў Менску на “Марш Свабоды – 2” адміністрацыі школаў, гімназіяў і вучэльняў ужывалі розныя захады ўзьдзеяньня.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” ў сваім прэс-рэлізе паведаміў, што ў Акадэміі кіраваньня студэнтаў запалохвалі разнастайнымі дысцыплінарнымі санкцыямі, калі яны будуць заўважаныя ў шэрагах дэманстрантаў, а ў вадной менскай вучэльні на дыскатэцы, прызначанае на 15 сакавіка, павінныя былі прысутнічаць ня толькі ўсе навучэнцы, але й кіраўнікі групаў.

Паводле зьвестак, атрыманых “Радыё Свабода”, адміністрацыі некалькіх сярэдніх школаў Савецкага, Цэнтральнага, Першамайскага й Партызанскага раёнаў Менску загадалі сваім вучням зьняць налепкі з сымболікаю “Маршу Свабоды” з ранцаў. Акрамя гэтага дзяжурныя мусілі былі зьняць са сьценаў школы знакамітыя налепкі “Стоп-Лука”.

Адміністрацыі яшчэ некалькіх школаў загадалі 15 сакавіка ад 18-е гадзіны праводзіць дыскатэкі. У менскай гімназіі № 9 перад вучнямі нават быў пастаўлены ўльтыматум: або прысутнічаць на школьнай акцыі, або забіраць дакумэнты й пакідаць гімназію.

У тых школах, дзе не плянавалася праводзіць дыскатэкі, адміністрацыя загадала клясным настаўнікам патэлефаніць бацькам кожнага свайго вучня й папярэдзіць іх, каб не пускалі сваіх дзяцей на апазыцыйную акцыю. Пры гэтым некаторыя настаўнікі палохалі бацькоў тым, што паводле нейкіх таямнічых крыніцаў на “Маршы Свабоды” адбудзецца нешта вельмі страшнае і зусім небясьпечнае для падлеткаў.

Маці аднага вучня Валянціна Бяляўская паведаміла нашаму радыё:

(Бяляўская: ) “У той дзень, як павінен быў адбыцца Марш Свабоды-2, зранку, недзе каля гадзін васьмі, патэлефанавала клясная кіраўніца майго сына, які вучыцца ў 138-й школе і папрасіла, каб у гэты дзень мой сын ня ўдзельнічаў у акцыі, каб не было ніякіх непрыемнасьцяў, каб ён ня трапіў у нейкую сытуацыю, – проста не пускаць. Аб гэтым папрасіла яе кіраўніцтва школы. Ёй самой было вельмі няёмка, але, відаць, такое заданьне было дадзенае, і таму яна вконвала яго. Я была таксама вельмі разгубленая, таму сказала, што мы будзем глядзець па абставінах, але што такая інфармацыя раней да нас ніколі не паступала”

– гаварыла Валянціна Бяляўская.

Зразумела, што адміністрацыя навучальных установаў пайшла на гэтыя захады, каб пазьбегнуць тых наступстваў, якія былі пасьля правядзеньня мінулага “Маршу Свабоды – 1”. Тады былі зьбітыя і трапілі ў міліцэйскія пастарункі дзясяткі непаўнагадовых юнакоў. Акрамя таго, ніхто не жадае быць выкліканым “на прачуханку” да раённага кіраўніцтва.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG