Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амбасадар Беларусі ў Вашынгтоне Валеры Цапкала заявіў у інтэрвію беларускаму дзяржаўнаму радыё, што, нібыта, слуханьні беларускага пытаньня ў Кангрэсе ЗША, якія адбыліся 9 сакавіка, скончыліся правалам. Прычына – ня быў прыняты выніковы дакумэнт, рэзалюцыя, дэклярацыя альбо заява. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Калі амбасадар Цапкала паслаў падобную справаздачу ў МЗС, яго мусяць звольніць за прафэсійную непрыдатнасьць. Радыё Свабода вяло прамы рэпартаж з Кангрэсу ў дзень слуханьняў тыдзень таму, і нашыя слухачы разумеюць, у чым справа.

Слуханьні ў камітэце кангрэсу ЗША ніколі не сканчаюцца прыняцьцем заключнага дакумэнту – ў іх іншы статус. Амэрыканскія сэнатары, у адрозьненьне ад групы асобаў у Беларусі, якія чамусьці называюць сябе гэтым словам, працуюць прафэсійна і на такога кшталту слуханьнях звычайна вывучаюць паглыблена тое ці іншае пытаньне – каб пасьля, пад час працы ў Кангрэсе, пісьменна і аргумэнтавана прымаць рашэньні, уплываць на дзеяньні адміністрацыі.

Дарэчы, менавіта пасьля таго, як сэнатары і прысутныя супрацоўнікі Дзяржэпартамэнту выслухалі старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага, ягонага намесьніка Аляксандра Лябедзьку, дэпутата Станіслава Шушкевіча, лідэра БНФ Зянона Пазьняка, у Менск напярэдадні Маршу Свабоды накіраваўся дарадца дзяжсакратара Рос Ўілсан, была прынятая адмысловая заява Дзярждэпартамэнту і беспрэцэдэнтная заява Белага Дому, дзе недвухсэнсоўна была заяўленая жорсткая пазыцыя ЗША што да агульнай палітычнай сытуацыі, а таксама і непасрасрэдна да пагрозаў ужыць сілу супарць мірных дэманстрантаў.

Калі Цапкала ўсяго гэтага ня ведае – ён дарма еў хлеб у Вашынгтоне апошнія чатыры гады. Калі ведае і падае інфармацыю ў такім выглядзе, як прыемна гаспадару, тады гэта – прафэсія не амбасадара незалежнай эўрапейскай краіны, але афіцыянта.

Аляксандар Лукашук

XS
SM
MD
LG