Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня была пастаўленая кропка ў працэсе над дэпутатам Вярхоўнага Савету, прадпрымальнікам Андрэем Клімавым, справу якога на працягу сямі месяцаў разглядала калегія Ленінскага суда Менску. Дэпутат прызнаны вінаватым у незаконным прысабечваньні дзяржаўнае маёмасьці й, паводле рашэньня судзьдзяў, адправіцца яшчэ на чатыры гады ў турму.

Усяго ж да шасьці гадоў зьняволеньня прысудзіла калегія Ленінскага раённага суду Менску дэпутата Андрэя Клімава. Тэрмін пакараньня будзе адлічвацца зь лютага 1998 году, калі ён быў зарыштаваны.

Такім чынам, дэпутат адбудзе ў калёніі ўзмоцненага рэжыму яшчэ самае меншае чатыры гады. Гэта ў выпадку, калі вырок ня будзе перагледжаны й зьменены ў бок памяншэньня.

Адвакаты ўжо заявілі, што будуць падаваць скаргу, аднак на станоўчы вынік разьлічваюць ня ўсе. Абаронца дэпутата Ала Клімава, ягоная маці, напрыклад, заяўляе, што ня бачыць шанцаў на справядлівы перагляд справы.

А вось Андрэй Клімаў, калі яго выводзілі з залі суду, крыкнуў сябрам “Сустрэнемся раней!” Ён, такім чынам, перакананы, што выйдзе на волю датэрмінова. Увогуле Клімаў сустрэў вырок вельмі мужна й знайшоў нават магчымым пажартаваць. Адмыслова для “Радыё Свабода”, з-за сьпінаў міліцыянтаў Клімаў сказаў: “…Улада баіцца мяне, я гэтаму толькі рады. Атрымліваецца, што Лукашэнка ўсур’ёз успрыняў мае словы , што старэйшы лейтэнант пажарнае службы можа яго зарыштаваць”, – гэтак Клімаў пракамэнтаваў вынесены яму прысуд.

У чым жа дэпутата прызналі вінаватым? Суд палічыў даказанай ягоную віну паводле двух артыкулаў зь інкрымінаваных чатырох. У выроку пазначана, што Клімаў незаконна прысабечыў дзяржаўныя сродкі, калі ягоная фірма будавала элітны дом у Менску, дзе цяпер жывуць дэпутаты “Нацыянальнага сходу” й дыпляматы.

Суд таксама пагадзіўся са сьледзтвам у тым, што Клімаў уцягнуў сваіх падначаленых у злачынную дзейнасьць. За гэта ён атрымаў яшчэ два гады, але паводле прынцыпа паглынаньня меншага пакараньня большым, шасьцігадовае зьняволеньне не павялічылася. Цікава, што паводле двух артыкулаў дэпутат быў апраўданы.

Суд не пагадзіўся з высноваю сьледчых, быццам дом будаваўся безь ліцэнзіі – нагадаю, менавіта з такім абвінавачваньнем Клімаў быў зарыштаваны на вуліцы дакладна два гады таму. А таксама не было пацьверджанае абвінавачваньне ў незаконным атрыманьні крэдыту. У гэтым эпізодзе суд прызнаў, што Клімаў браў грошы на будоўлю са свайго ж уласнага банку, крэдыт быў пагашаны, таму прэтэнзіяў у гэтай частцы да прадпрымальніка няма.

Аднак іншыя грашовыя прэтэнзіі задаволеныя. Клімаву і ягонаму намесьніку Ваўковічу, які атрымаў 4 гады калёніі, належыць пакрыць страты Менскаму гарадзкому выканаўчаму камітэту памерам 116 мільёнаў дэнамінаваных рублёў – гэта на сёньняшнім курсе больш за 100 000 даляраў ЗША. Уся маёмасьць абодвух падлягае канфіскацыі.

У зале пасьля агалошваньня рашэньня судзьдзяў загучалі воклічы: “Ганьба!” Пачуушы гэта, міліцыянты актывізаваліся й пачалі патрабаваць, каб усе хутчэй пакінулі памяшканьне. Да Клімава дапусьцілі толькі родных, журналістам удалося пагутарыць з абвінавачваным толькі здаля.

Міхал Чыгір, які не прыехаў на зачытваньне выроку Клімаву з гарадзкога суду, заявіў журналістам, што гэта была чыста гаспадарчая справа й разглядаць яе трэба было ў гаспадарчым судзе. Чыгір выказаў ўпэўненасьць, што справа будзе перагледжаная, і ён не выключае, што гэтага чакаць прыйдзецца нядоўга.

Жонка Андрэя Тацяна прасіла прэсу пашкадаваць яе і па камэнтары не зьвяртацца – Тацяна выглядала вельмі стомленай і разгубленай. Ала Клімава, маці асуджанага, зьвязала прысуд з дэпутацкай дзейнасьцю Андрэя і асабліва зь ягоным кіраўніцтвам дэпутацкай камісіі ў расьледваньні парушэньняў Канстытуцыі Аляксандрам Лукашэнкам:

“…Ужо ў першы дзень пасьля арышту майго сына Лукашэнка заявіў, што Клімаў будзе сядзець доўга”, – узгадала Ала Клімава. Яна абурылася тым, што гэткія заявы магчымыя ў краіне, якую сам Лукашэнка называе дэмакратычнай. Клімава сказала, што не чакала аб’ектыўнага выроку, паколькі ў Беларусі няма незалежнага суду. Таму яна лічыць: “Перасьледваньне бізнэсмэна, дэпутата Клімава зьвязанае толькі зь яго палітычнай дзейнасьцю”.

Грамадзкі абаронца Андрэя Клімава Гары Паганяйла таксама заявіў пра яўна палітычны характар перасьледу дэпутата, а вырок пракамэнтаваў каротка: “…Гэта прысуд ня імем Рэспублікі Беларусь, а прысуд імем Аляксандра Лукашэнкі”, – лічыць Гары Паганяйла.

Усе астатнія сем абвінавачваных у гэтай справе прызнаныя вінаватымі, але пакараныя або ўмоўна, або трапілі пад амністыю. У калёнію адправяцца толькі дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў і ягоны намесьнік, былы дэпутат гарадзкога Савету Леанід Ваўковіч.

Месца адбыцьця пакараньня пакуль невядомае.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG